wd wp Пошук:

Гутарка Данілы са Сцяпанам

«Гу́тарка Дані́лы са Сцяпа́нам» — ананімны вершаваны твор беларускай літаратуры сярэдзіны XIX стагоддзя, напісаны напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года. Упершыню апублікаваны Паўлам Васілевічам Шэйнам у часопісе «Русская старина» за 1886 год[1][2].

Аўтарства

Гутарка напісана ў канцы 1850-х — пачатку 1860-х гадоў у форме маналога сведкі размовы сялян[2]. Твор упершыню апублікаваны Паўлам Васілевічам Шэйнам як «Разгаворъ Данилы и Сьцепана (про волю)» у артыкуле «Крепостное право в народных песнях» часопіса «Русская старина» (1886, том 49)[3].

Існуе некалькі версій аўтарства гутаркі. Яўхім Карскі, спасылаючыся на Рамуальда Зямкевіча, і Максім Гарэцкі сцвярджалі, што твор напісаў Паўлюк Багрым[4]. Альберт Паўловіч даводзіў, што твор належыць пяру Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якому прыпісваюцца шматлікія тэксты[5]. Літаратар Альгерд Бахарэвіч ліча, што гутарка была напісана панам, можа, нават прафесійным літаратарам, які даволі ўдала эмітаваў псеўдамужыцкі «стыль»[6]. На думку Міколы Хаўстовіча, твор звязаны з лагерам рускай ліберальнай адміністрацыі ў Паўночна-Заходнім краі[7]. Найбольш верагодна, аўтарам твора быў сялянін-самавук[8].

Характарыстыка

Твор мае антыпрыгоніцкі змест, сцвярджае эканамічнае і сацыяльнае разняволенне беларускага селяніна. Выяўляюцца супярэчнасці светапогляду сялян: з аднаго боку, памешчык і войт — сацыяльныя антаганісты, з другога боку, сацыяльны мір з імі — неабходная ўмова «дабра і ладу». Даніла са Сцяпанам чакаюць адмены прыгону, спадзяюцца на заступніцтва цара і Бога. У тэксце ёсць вера ў магчымасць патрыярхальнага грамадства, у якім над усімі пануе Бог, а над мужыком — толькі цар. Героі перакананы ў непазбежным маральным удасканаленні паноў, будучая сацыяльная ідылія абмалёўваецца як эканамічны дыялог роўных з роўнымі. Твор завяршаецца спыненнем размовы войтам[2]. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць гутарку яркім узорам народнай літаратуры[1].

Літаратуразнаўцы 1950-х гадоў адзначалі, што аўтар твора праўдзіва малюе карціны гора сялян, перадае іх думкі і настроі, лічылі, што ён не здолеў зрабіць з вобразаў радыкальныя вывады, чаму віною яго абмежаванасць светапогляду, а таксама «слабыя бакі сялянскага руху канца 50-х — пачатку 60-х гадоў»[9].

Публікацыі

Упершыню гутарка апублікавана Паўлам Васілевічам Шэйнам у часопісе «Русская старина» за 1886 год. У артыкул «Крепостное право в народных песнях» увайшлі сем тэкстаў, у тым ліку і «Разгаворъ Данилы и Сьцепана (про волю)». Падкрэсліваецца, што гэты твор не зусім адпавядае найменню «народная песня»[10]. У 1903 годзе выйшаў трэці том працы Міхала Федароўскага «Lud białoruski na Rusi Litewskiej», у якім змешчана «Hutarka Daniły z Ściepanam». Гутарка запісана ад лесніка з фальварку Навасады Навагрудскага павету[11]. Тэкст выкарыстоўвалі ў сваіх працах і гісторыкі-сацыялісты ў пачатку XX стагоддзя. Іна Ігнатовіч у кнізе «Помещичьи крестьяне накануне освобождения» згадвае песню «Разговор Данилы и Сьцепана», падаўшы спачатку дваццаць радкоў, а потым — яшчэ восем радкоў твора. У артыкуле «Освобождение крестьян» Георгій Пляханаў цытаваў твор, характарызуючы становішча народа напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года[12].

У беларускую літаратуру першым увёў твор Яўхім Карскі[13]. Упершыню ў корпусе тэкстаў беларускай літаратуры гутарка з’явілася ў «Хрэстаматыі» Максіма Гарэцкага, які палічыў патрэбным паправіць тэкст шляхам змены дыялектных форм на літаратурныя, перастаноўкі слоў у асобных радках дзеля захавання рытму і інш. У аснову публікацыі пакладзены тэкст з працы М. Федароўскага. Па выданні Федароўскага друкаваўся твор і ў зборніку тэкстаў «Беларуская літаратура XIX стагоддзя», выдадзеным у 1950 годзе. Складальнікі хрэстаматыі ўнеслі ў тэкст шэраг змен, якія змяняюць часам сэнс паэтычнага выказвання. Усе хібы хрэстаматыі, выдадзенай у 1950 годзе, паўтараюцца амаль ва ўсіх пазнейшых выданнях[14]. Два друкаваныя варыянты твора вызначаюцца амаль правільным амфібрахіем[15].

Ужыванне

Павел Шэйн кажа пра распаўсюджанасць гутаркі ў многіх спісах, асабліва ў Мінскай губерні[3]. Альберт Паўловіч сцвярждаў, што гутарка карысталася вялікай папулярнасцю сярод адукаваных людзей у канцы XIX стагоддзя, аб чым сведчыць запіс твора рукою Якава Васільева ў сшытак Паўловіча, надрукаваны ў артыкуле «Забытае» (Полымя, 1925)[5].

Апошняя фіксацыя твора ў вусным ужытку зафіксавана ў 1979 годзе як рэфлекс і рэмінісцэнцыя тэксту[16]:

Добрым часам і добрай пагодай
Даніла са Сцяпанам
Сядзелі пад парканам
І между сабой гаварылі,
Як жа даўней мужыкі
Паном прыгон служылі.
Няхай яго не знаць,
Як стануць старыя людзі ўспамінаць.
Бывала ж Войніч, як праз сяло бяжыць,
Аж пад ім зямля дрыжыць.
Не пытаецца, ці лёг спаць,
Але пара ўставаць.
Ідзеш у двор і баішся.
Не зняў пану шапку здалёку,
Дык ён цябе і дзяржыць на воку.
Кажыць: «Ты бальшавіцкі,
А ня польскі».
Але досіць паном панаваць,
Калі пара касу і саху ў рукі браць.

Твор стаў аб’ектам калялітаратурнай інтэрпрэтацыі ў «Гамбурскім рахунку Бахарэвіча», а таксама ў інтэрнэт-блогу Сяргея Дубаўца[17].

Зноскі

  1. 1 2 «Гутарка Данілы са Сцяпанам» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 549.
  2. 1 2 3 В. І. Еўмянькоў. «Гутарка Данілы са Сцяпанам» // Культура Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. : Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — Т. 3 : Г—З. — С. 319.
  3. 1 2 Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 198.
  4. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 199.
  5. 1 2 Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 209—210.
  6. Альгерд Бахарэвіч. У чаканьні войта. Радыё «Свабода» (30 верасня 2011). Праверана 18 красавіка 2020.
  7. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 197.
  8. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 36.
  9. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 200.
  10. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 197—198.
  11. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 24.
  12. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 28—29.
  13. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 30.
  14. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 200—201.
  15. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 37.
  16. Ю. В. Пацюпа. Ці існуе фалькларызацыя? Да праблемы бытавання і трансфармацыі літаратурных тэкстаў у вуснай традыцыі // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў. — Наваполацк: ПДУ, 2016. — С. 259—260.
  17. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 16.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Літаратурныя творы на беларускай мове
Катэгорыя·Беларуская літаратура XIX стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта
Катэгорыя·Ананімныя творы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара