wd wp Пошук:

Энеіда навыварат

«Энеіда навыварат» — парадыйна-сатырычная паэма; адзін з першых буйных твораў беларускай літаратуры новага часу.

Напісана пасля 1812 і не пазней пач. 1830-х г. Дайшоў толькі ўрывак з паэмы (палавіна 1-й песні). Першыя датаваныя спісы адносяцца да 1837, першая публікацыя — у пецярбургскім часопісе «Маяк» (1845), больш поўная — у «Смоленском вестнике» (1890). Большасць даследчыкаў лічыць, што паэма нарадзілася на заходняй Смаленшчыне, цесна звязанай з Беларуссю, яе аўтар В. Равінскі.

Энеіда навыварат

Жыў-быў Эней, дзяцюк хупавы,

Парнюк няўвошта украсіў;

Хоць пан, а ўдаўся нялукавы,

Даступен, весял, неспясіў.

Но грэкі вуйму нарабілі:

Як ляда, Трою ўсю спалілі.

Кашэль ён згробшы – науцёк,

І швыдко зробіўшы чаўнок,

Траянцамі яго набіў

І ў мора з імі ён паплыў.

В. Равінскі

Паэма напісана ў жанры травесціі (гл. бурлеска) і парадзіруе «Энеіду» Вергілія. Прымыкае да шэрагу травесційных «Энеід», якія пачынаючы з XVII ст. ўзнікалі ў многіх еўрапейскіх літаратурах як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Бліжэйшымі ўзорамі для аўтара «Энеіда навыварат» былі адпаведныя ўкраінскія (І. Катлярэўскага) і рускія (М. Осіпава) творы. У сваіх папярэднікаў ён запазычыў сюжэт (прыгоды легендарнага героя Энея), але стварыў арыгінальны твор, напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва. Траянцаў — спадарожнікаў Энея — аўтар надзяліў рысамі прыгонных сялян, паказаў кемлівасць, працавітасць і жыццелюбівасць народа. Пад выглядам старажытных багоў (Юнона, Эол) і некаторых іншых персанажаў (Дыдона) выводзяцца памешчыкі і іх памагатыя. Аўтар прадэманстраваў дасканалае веданне беларускага фальклору, вялікія выяўленчыя магчымасці беларускай мовы (усходнебеларускія гаворкі). Твор багаты па танальнасці і фарбах. У паказе жыцця аўтар імкнецца да праўдзівасці, хоць гэта яшчэ не рэалізм у поўным сэнсе слова.

«Энеіда навыварат» адыграла вялікую ролю ў станаўленні новай беларускай літаратуры і ўваходзіць у скарбніцу беларускай паэзіі.

Публікацыі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Беларуская літаратура XIX стагоддзя
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Ананімныя творы
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Кнігі 1845 года
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Сатырычныя паэмы
Літаратурныя творы на беларускай мове