wd wp Пошук:

Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кулакоўскі. Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі (24 снежня 1913, вёска Кулакі, Слуцкі павет, Мінская губерня — 9 красавіка 1986) — беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1931 г. скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу і некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах. З гэтага ж года перайшоў на журналісцкую работу — адказны сакратар шматтыражкі, загадчык аддзела клімавіцкай раённай газеты «Камуна», адказны сакратар жлобінскай раённай газеты «Шлях сацыялізму», а са жніўня 1934 г. — намеснік загадчыка аддзела газеты «Чырвоная змена». У 1936—1939 гг. вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У канцы 1939 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны — камандзір узвода, камандзір роты (Сталінградскі, Украінскі франты). Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў загадчыкам аддзела ў газеце «Сталинская молодежь», у часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953—1958 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». Быў намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення СП БССР (1965—1976). У 1977—1986 гг. — дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1972 г. у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце XXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Творчасць

Першае апавяданне надрукаваў у 1945 г. Людзям пасляваеннай вёскі прысвяціў першы зборнік апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1949). Складаныя гаспадарчыя і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутраны свет выяўлены ў зборніках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, мастацкай дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву…» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зборнікі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваенных гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы паказана ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатырычны пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх бытавых карцінах і характарах і узаемаадносінах.

Аўтар кніг нарысаў «Зоркі салігорскія» (1960), «Салігорцы» (1964). Для дзяцей выдаў зборнік апавяданняў «На возеры» (1950), кнігу аповесцей «Белы сокал» (1985). Зрабіў літаратурны запіс кнігі В. Казлова «Людзі асобага складу» (1952). Пераклаў раманы Ш. Рашыдава «Мацней за буру» (з П. Кавалёвым, 1963) і Р. Файзі «Яго вялікасць Чалавек» (1978).

Выбраная бібліяграфія

Экранізацыі

Па матывах аповесці «Нявестка» А. Макаёнак напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Шчасце трэба берагчы» (пастаўлены ў 1958).

Прэміі і ўзнагароды

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986, пасмяротна) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей, за кнігу аповесцей «Белы сокал».

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.

Зноскі

  1. Кулаковский Алексей Николаевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  2. 1 2 3 4 5 (unspecified title) Праверана 19 снежня 2021.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (27):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Кавалеры ордэна Дружбы народаў
Супрацоўнікі часопіса «Маладосць»
Памерлі 9 красавіка
Заслужаныя работнікі культуры Беларускай ССР
Памерлі ў 1986 годзе
Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Беларускамоўныя пісьменнікі
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Пісьменнікі Беларусі
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Члены КПСС
Супрацоўнікі часопіса «Беларусь»
Нарадзіліся 24 снежня
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
Нарадзіліся ў 1913 годзе
Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Асобы
Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
Пісьменнікі паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Супрацоўнікі газеты «Знамя юности»