wd wp Пошук:

Алба-Юлія

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Алба.

А́лба-Ю́лія (рум.: Alba Iulia, ням.: Karlsburg, венг.: Gyulafehérvár) — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Трансільваніі і ўсёй Румыніі. Размешчаны ў жудзецы Алба, на рацэ Мурэш, за 270 км на паўночны захад ад Бухарэста. Насельніцтва 58 681 жыхароў (2011).

Гісторыя

Антычнасць

Алба-Юлія мела палітычную вагу ўжо ў глыбокай старажытнасці. У акрузе былі выяўлены Тэртэрыйскія надпісы, у якіх амерыканскі археолаг Марыя Гімбутас бачыць першую ў гісторыі пісьменнасць. У старажытнасці тут знаходзілася сталіца ваяўнічага племя дакаў, на месцы якой рымляне разбілі ваенны лагер Апулум (Apulum). Гэтае паселішча згадваецца антычным географам Пталамеем, а разваліны яго знаходзяцца ў 10 км ад сучаснага горада. Дзякуючы шматлікім раскопкам, мясцовы краязнаўчы музей мае багатую калекцыяю антычных старажытнасцей.

Сярэднявечча

Праваслаўны сабор у Алба-Юліі.

Горад фігуруе ў сярэдневяковых крыніцах пад славянскім імем Балград, ці Бялград у часы славянізацыі Трансільваніі IX—XI стагоддзяў. Назва была перакладзена на латынь як Алба-Юлія і ўпершыню згадваецца ў такой форме ў 1097 годзе. З XI стагоддзя горад уваходзіць у склад Венгерскага каралеўства пад назвай Дзюлафехервар. У XII—XIII стагоддзя ў горадзе пабудаваны каталіцкі сабор, які потым быў перабудаваны пры Янашы Хуньядзі; там жа ён і пахаваны. У 1541—1690 гг. Алба-Юлія служыла сталіцай княства Трансільванія, хоць Міхаю Храбраму ўдалося ў 1599 годзе на кароткі час аб’яднаць пад сваёй уладай усе тры дунайскія княствы і каранавацца ў Алба-Юліі.

Новы час

У XVIII стагоддзі ўвагу на добраўпарадкаванні Алба-Юліі — аднаго з самых паўднёвых гарадоў габсбургскіх уладанняў — звярнулі аўстрыйскія Габсбургі. Пры імператары Карле VI была пабудавана вялікая крэпасць у форме зоркі, па ўзоры Вабанавых умацаванняў Францыі, а сам горад атрымаў нямецкае імя Карлсбург. У 1794 г. высілкамі біскупа з роду Бацьяні была адкрыта першая ў Румыніі бібліятэка, жамчужынай якой лічыцца створаны пры Карле Вялікім Залаты кодэкс з Лорша.

1 снежня 1918 года ў Алба-Юліі было абвешчана пра далучэнне Трансільваніі да Румыніі, а праз чатыры гады у мясцовым саборы адбылося вянчанне Фердынанда I на трон аб’яднанай дзяржавы.

Выхадцы

Зноскі

  1. Populaţia stabilă pe judeţe, municipii, oraşe şi localităti componenete la RPL_2011INS. Праверана 4 лютага 2014.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Алба-Юлія
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Былыя сталіцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Гарады Румыніі