wd wp Пошук:

Петрапаўлаўскі сабор

Запыт «Петрапаўлаўскі сабор» перанакіроўваецца сюды; гл. таксама іншыя значэнні.

Петрапаўлаўскі сабор (афіцыйная назва — Сабор у імя першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла) — праваслаўны сабор у Санкт-Пецярбургу ў Петрапаўлаўскай крэпасці, пахавальня рускіх імператараў, помнік архітэктуры пятроўскага барока[1].

Да 2012 года сабор вышынёй 122,5 м быў самым высокім з будынкаў Санкт-Пецярбурга. З 2013 года ён з’яўляецца трэцім па вышыні будынкам у горадзе, пасля 140-мятровага небаскроба Лідар Таўэр і жылога комплексу «Князь Аляксандр Неўскі», вышыня якога складае 124 метра.

Гісторыя

У 1703 годзе Пётр I заклаў на беразе Фінскага заліва Петрапаўлаўскую крэпасць. Пётр разумеў, што новая Расія мае патрэбу ў архітэктуры, здольнай выказаць ідэі часу. Імкнучыся ўзмацніць пануючае становішча маладой сталіцы сярод гарадоў Расіі, цар задумаў новае будаўніцтва, якое паднялося б вышэй званіцы Івана Вялікага і Меншыкавай вежы. Новы храм павінен быў стаць самым значным збудаваннем сталіцы і знаходзіцца ў самым сэрцы Петрапаўлаўскай крэпасці[2].

Драўляная Петрапаўлаўская царква. Гравюра Г. А. Качалава.

Будаўніцтва храма пачалося 29 чэрвеня 1703 года ў дзень святых апосталаў Пятра і Паўла на тэрыторыі толькі што закладзенай Петрапаўлаўскай крэпасці. Асвячэнне першай драўлянай Петрапаўлаўскай царквы адбылося 1 красавіка 1704 года. 14 мая тут правялі святочную службу ў гонар перамогі фельдмаршала Б. П. Шарамецева над шведскімі суднамі на Чудскім возеры.

30 мая 1712 года быў закладзены каменны Петрапаўлаўскі сабор[3]. Ён будаваўся такім чынам, што драўляны храм заставаўся ўнутры новага будынка[2]. Працай кіраваў італьянскі архітэктар Даменіка Трэзіні[1]. Ва ўстаноўцы шпіля ўдзельнічаў галандскі майстар Харман ван Болас. Па загадзе Пятра I будаўніцтва пачалося з званіцы[2]. З-за недахопу рабочых рук, уцёку сялян і недахопу рабочых матэрыялаў яна была скончана толькі ў 1720 годзе[2]. Аднак шпіль званіцы быў накрыты лістамі пазалочанай медзі толькі праз некаторы час[2]. Вышыня збудавання складала 112 метраў, што на 32 метра вышэй за званіцу Івана Вялікага[2]. Увесь сабор быў дабудаваны толькі да 1733 года ўжо пасля смерці Пятра I[2].

З установы ў 1742 годзе Санкт-Пецярбургскай епархіі да асвячэння ў 1858 годзе цяперашняга Ісакіеўскага сабора Петрапаўлаўскі сабор з’яўляўся кафедральным, затым быў перададзены ў прыдворнае ведамства[1].

У 17561757 гадах Петрапаўлаўскі сабор быў адноўлены пасля пажару. У 1773 годзе асвячоны прыдзел святой Кацярыны. На званіцы ў 1776 годзе змантаваны куранты майстры Б. Оарта Краса з Галандыі[1]. Пашкоджаную фігуру ангела ў 1830 годзе адрамантаваў Пётр Цялушкін, які падняўся наверх без лясоў.

У 18571858 гадах драўляныя канструкцыі шпіля былі заменены металічнымі (архітэктар К. А. Тон, інжынеры Д. І. Жураўскі[1], А. С. Рахнеўскі і П. П. Мельнікаў). Асноўнай задачай была замена драўляных крокваў на металічныя на званіцы сабора. Жураўскі прапанаваў пабудаваць канструкцыю ў выглядзе васьміграннай усечанай правільнай піраміды, звязанай кольцамі; ён жа распрацаваў метад разліку канструкцыі[4]. Пасля гэтага вышыня будынка павялічылася на 10,5 метраў[2].

У 18641866 гадах ранейшыя царскія вароты заменены новымі, выкананымі з бронзы (архітэктар А. І. Кракау); у 18751877 гадах Д. Бальдзіні напісаў новыя плафоны[1].

У 1919 годзе Петрапаўлаўскі сабор быў зачынены, а ў 1924 годзе пераўтвораны ў музей, большасць каштоўных прадметаў канца XVII — пачатку XVIII стагоддзяў (сярэбранае начынне, кнігі, аблачэнне, іконы) былі перададзены ў іншыя музеі[1].

У Вялікую Айчынную вайну Петрапаўлаўскі сабор моцна пацярпеў. У 1952 годзе былі адрэстаўраваны фасады, у 19561957 гадах — інтэр’еры. У 1954 годзе будынак быў перададзены Музею гісторыі горада[1][3].

З 1990-х гадоў у Петрапаўлаўскам саборы рэгулярна праходзяць паніхіды па расійскіх імператарах, з 2000 года — набажэнствы[1]. У 2008 годзе ў саборы было праведзена першае пасля 1917 года велікоднае набажэнства. У наш час настаяцелем храма служыць ігумен Аляксандр (Фёдараў), які з’яўляецца таксама прадстаўніком Санкт-Пецярбургскай епархіі па архітэктурна-мастацкіх пытаннях.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Энцыклапедыя Санкт-Пецярбурга
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Цітоў, 2003, с. 8
  3. 1 2 Музей гісторыі Пецярбурга
  4. Багалюбаў, 1983, с. 186—187

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Храмы Санкт-Пецярбурга
Катэгорыя·З’явіліся ў 1733 годзе
Катэгорыя·Храмы Святых Пятра і Паўла
Катэгорыя·XVIII стагоддзе ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Аб’екты на банкнотах
Катэгорыя·Раманавы
Катэгорыя·Храмы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Саборы Расіі
Катэгорыя·Пахавальні
Катэгорыя·1733 год у Еўропе
Катэгорыя·Музеі-храмы
Катэгорыя·Руская архітэктура XVIII стагоддзя
Катэгорыя·Петрапаўлаўскі сабор
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных