«Ноч доўгіх нажоў» (Nacht der langen Messer (i)), аперацыя «Калібры», «путч Рома» (ням.: Röhm-Putsch) — умоўная назва чыстак, зладжаных у нацысцкай Германіі з 30 чэрвеня да 2 ліпеня 1934 р. Асноўная частка забітых належала да SA (ням.: Sturmabteilung), парамілітарнай арганізацыі НСДАП.
Гітлер бачыў у незалежнасці арганізацыі і схільнасці яе членаў да вулічнага гвалту пагрозу асабістай уладзе. Ён таксама прагнуў супакоіць камандаванне рэйхсвера, якое пабойвалася амбіцый кіраўніка SA Эрнста Рома падпарадкаваць і паглынуць Рэйхсвер у яго арганізацыю. Таксама Гітлер скарыстаўся чысткамі, каб пазбавіцца праціўнікаў свайго рэжыму, асабліва прыхільнікаў віцэ-канцлера Франца фон Папена, і паквітацца са старымі ворагамі.
За час правядзення аперацыі было забіта 85 чалавек, аднак выніковая колькасць загінулых можа дасягаць сотняў[1][2], больш за тысячу былі арыштаваныя[1]. Большасць забойстваў здзейснілі СС (ням.: Schutzstaffel) і гестапа (ням.: Geheime Staatspolizei). Чыстка ўзмацніла і кансалідавала падтрымку Гітлера ў Рэйхсверы. Яна таксама забяспечыла юрыдычныя ўмовы для нацысцкага рэжыму, паколькі суды, у жаданні дагадзіць і паказаць сваю лаяльнасць да рэжыму, скасавалі перашкоды пазасудоваму пераследу.
Пад час планавання аперацыя мела назву «Калібры» (ням.: Kolibri), як і кодавае слова, якое мела стаць сігналам пачатку дзеянняў карным атрадаў[3]. Гэтая назва была абрана выпадкова. Назва «ноч доўгіх нажоў» існавала ў нямецкай мове задоўга да аперацыі, так называлі акты помсты. У Германіі дагэтуль карыстаюцца назваю «Путч Рома» (па-нямецку: Röhm-Putsch), якою скарыстаўся нацысцкі рэжым дзеля апраўдання неабходнасці забойстваў з мэтай нібыта супрацьстаяння путчу. Каб падкрэсліць хібнасць гэтай аргументацыі, путч называюць «так званым»[4].