wd wp Пошук:

Лаос

Лаос (Lao: ສາທາລະນະລັດ ປະຊາທິປະໄຕ ປະຊາຊົນລາວ, Sathalanalat Paxathipatai Paxaxon Lao; French: République démocratique populaire lao, Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка) — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, размешчаная на паўвостраве Індакітай. На поўначы мяжуе з М’янмай і Кітаем, на ўсходзе з В’етнамам, на поўдні з Камбоджай, на захадзе з Тайландам; не мае выхаду да мора. Прытрымліваецца камуністычнай ідэалогіі, аднапартыйная сістэма на чале з Лаоскай народна-рэвалюцыйнай партыяй. Мае невялікую колькасць насельніцтва, але тэпмы росту даволі высокая. Найменш густазаселеная краіна рэгіёну. Рэлігія — будызм. Адна з найбяднейшах краін рэгіёну. Усе прыбыткі краіны і надзеі на лепшую будучыню звязаныя з рэсурсамі нетраў, ракою Меконг, а таксама з разнастайнасцю незвычайна прыгожых краявідаў, што вабяць турыстаў. З’яўляецца членам ААН, АСЕАН

Этымалогія

Назва краіны паходзіць ад імя народа лао

Геаграфія

Асноўны артыкул: Геаграфія Лаоса

Горны краявід
Меконг на поўдні Лаоса

Пераважная горная краіна. Па мяжы з В’етнамам праходзяць горы Чыангшон, на паўночным захадзе — хрыбет Луанг Прабанг. На поўначы і поўдні размешчаны плато з сярэдняй вышынёй каля 1000-1200 м.. Вышэйшая кропка, гара Біа (2830 м.), знаходзіцца ў паўднёвай частцы плато Сіангкхуанг. У Лаосе маюцца буйныя запасы рудных карысных выкапняў: жалезнай руды (з утрыманнем металу да 60-65 %,2/3 ўсіх рэсурсаў Паўднёва-Усходняй Азіі) і волава (горы Лаоса з’яўляюцца часткай алавянна-вальфрамавага поясу). Горы і плато ў паўднёва-заходняй частцы абрываюцца да даліны Меконга — найбуйнейшай ракі краіны і ўсяго рэгіёну. Яго працягласць на тэрыторыі Лаоса 1850 км. На самым поўдні краіны Меконг утварае грандыёзны каскад вадаспадаў Кхон агульнай вышынёй 21 м і шырынёй амаль у 10 км, што робіць гэтыя вадаспады самымі шырокімі ў свеце. Большасць рэк адносіцца да басейна Меконга, найбуйнейшыя з іх: Тха, У, Нгум, Бангфай. Клімат субэкватарыяльны мусонны, характарызуецца вялікай колькосцю ападкаў (у сярэднім 1500 - 2000 мм) і дзяленнем года на два сезоны — гадовы перыяд дажджоў мусонаў з мая па кастрычнік і зімовы сухі перыяд з лістапада па красавік. У сухім сезоне два адрэзкі: сухі прахалодны — з лістапада па люты і гарачы сухі ў сакавіку-красавіку. Больш за трэць тэрыторыі пакрыта густымі лясамі.У апошняе стагоддзе лясістасць зменшылася практычна удвая. На поўначы распаўсюджаныя вечназялёныя вільготныя субтрапічныя лясы з вялікім удзелам магнолій, лаўраў, ліян, папараці. Вышэй 1500 м яны змяняюцца хвойна-шырокалістнымі лясамі з дубам, хвояй, каштанам. На плато цэнтральнага і паўднёвага Лаоса дамінуюць светлыя мусонныя лістападныя лясы з цікам, шарэяй, дыптэракарпусам, зараснікамі бамбука. Даліны паўднёвага Лаоса і схілы гор Чыангшон параслі вечназялёнымі вільготнымі трапічнымі лясамі. У Лаосе пераважаюць чырваназёмы, чырвона-жоўтыя і чырвоныя глебы. Захаваліся даволі значныя статкі дзікіх індыйскіх сланоў. У лясах водзяцца малпы (гібоны, макакі і інш.) і паўмалпы, з драпежнікаў — тыгр, леапард, мармуровая пантэра, малайскі і белагруды мядзведзі. Месцамі сустракаюцца пальмавая куніца і балотная рысь. З капытных шырока распаўсюджаныя быкі (бантэнг і гаял), буйвалы, алені, дзікі. З 1993 дзейнічае прыродаахоўная праграма, паводле якой 21 % тэрыторыі Лаоса павінен увайсці ў склад нацыянальных паркаў.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Лаоса Сучасная лаоская гістарыяграфія звязвае сваю гістарычную і культурную ідэнтычнасць з каралеўствам Лансанг (паэтычная назва — Каралеўства мільёна сланоў пад белым парасонам), якое ў 14-17 стагоддзях было адной з найбуйнейшых дзяржаў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Дзякуючы цэнтральнаму геаграфічнаму становішчу, каралеўства змагло стаць важным цэнтрам гандлю ў Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама значным культурным цэнтрам. Пасля перыяду ўнутраных канфліктаў каралеўства Лансанг падзялілася на тры асобных каралеўствы — Луанг Прабанг, В’енцьян і Чампасак. У 1893 году яны сталі французскім пратэктаратам, разам сфармаваўшы тое, што цяпер вядома як краіна Лаос.

З канца XIX ст. Лаос быў уключаны ў Французскі Індакітай, з 1930-х — у сферы японскіх інтарэсаў, у Другую сусветную вайну акупаваны Японіяй. Пад канец вайны ўзнік антыкаланіяльны рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Суфанувонгам (Суванавонгам) і Сувана Фумам.

Пасля капітуляцыі Японіі Лао Ісара падняло паўстанне супраць французскага панавання і абвясціла незалежнасць краіны пад назвай Патэт-Лао (Краіна Лао). Францыя разбіла армію Патэт-Лао і да 1953 захоўвала сваю ўладу над Лаосам. 22 кастрычніка 1953 Лаос атрымлівае незалежнасць, у 1954 абвяшчаецца нейтральным каралеўствам на чале з каралём Сісавангам Вонгам.

Важную ролю ў вызваленні Лаоса адыграў створаны 11 сакавіка 1951 Адзіны фронт супраціўлення народаў Лаоса, В’етнама і Камбоджы. Па запрашэнні кіраўнікоў лаоскага вызваленчага руху ў Лаос прыбылі в’етнамскія добраахвотнікі. Сумеснымі намаганнямі краіны Індакітая дамагліся ад Францыі прызнання іх незалежнасці.

У канцы 1950-х у Лаосе пачынаецца грамадзянская вайна, выкліканая спробамі правых сіл захапіць уладу. 7 кастрычніка 1960 кааліцыйны ўрад Сувана Фумы ўстанаўлівае дыпламатычныя адносіны з СССР і атрымлівае ад Савецкага Саюза, В’етнама, іншых сацыялістычных краін ваенную і эканамічную дапамогу.

У наступныя два гады войска Патэт-Лао з удзелам в’етнамскіх салдат займае 2/3 тэрыторыі краіны. У 1964 ЗША пачынаюць неаб’яўленыя ваенныя дзеянні ў Лаосе (так званую «Сакрэтную вайну») з мэтай разбіць Адзіны фронт трох краін Індакітая, знішчыць базы Дэмакратычнай Рэспублікі В’етнам, створаныя на тэрыторыі Лаоса для аперацый у Паўднёвым В’етнаме, і ліквідаваць маршрут таемнага перамяшчэння узброеных фармаванняў, вядомы як «сцежка Ха Шы Міна». Амерыканская дапамога пастаўлялася па лініі амерыканскага агенцтва міжнароднага развіцця з тэрыторыі Тайланда, амерыканскія афіцэры непасрэдна кіравалі лаоскай каралеўскай арміяй, авіяцыя ЗША вяла бамбардзіроўкі Лаоса.

21 лютага 1973 суб’ектамі грамадзянскай вайны падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нацыянальнай згоды ў Лаосе. 29 лістапада 1975 кароль Лаоса адрокся ад прастола. 2 снежня 1975 абвешчана Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка.

Дзяржаўны лад і палітыка

Асноўны артыкул: Дзяржаўны лад і палітыка Лаоса Лаос — рэспубліка. Канстытуцыя, прынятая ў жніўні 1991, фіксуе існаванне ў краіне дзяржавы аднапартыйнага тыпу, у якім кіруючая Лаоская народна-рэвалюцыйная партыя з’яўляецца «кіруючым ядром сістэмы». Згодна са статутам партыі, яна «фармулюе і карэктуе галоўныя напрамкі стратэгіі і тактыкі нацыянальнага развіцця ва ўсіх сферах жыцця і кантралюе дзейнасць сваіх кіруючых кадраў і радавых членаў, дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый».

Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца дэпутатамі Нацыянальнага сходу на пяцігадовы тэрмін. Для абрання кандыдат павінен набраць не менш як дзве трэці галасоў.

Вышэйшы прадстаўнічы і заканадаўчы орган — аднапалатны Нацыянальны сход (109 членаў), абіраецца на 5 гадоў усеагульным галасаваннем грамадзян старэйшых за 18 гадоў.

Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам і зацвярджаюцца Нацыянальным сходам.

Унітарная рэспубліка, дзеліцца на 17 правінцый.

Беларуска-лаоскія адносіны

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай устаноўлены 7 лютага 1994 г.

15 красавіка 2011 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам Садоха прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве. 10 мая 2011 г. Садоха ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Цюмалі Сайнясону. У чэрвені 2012 Лаос з афіцыйным візітам наведаў Міністр замежных спраў Беларусі С.М. Мартынаў.

Насельніцтва

Высокі тэмп росту насельніцтва (1,5 % у 2017)[1]. Краіна мультынацыянальная, насельніцтва складаюць мноства народнасцей (больш за 60), што належаць да некалькіх этнічна блізкіх групаў.

Луанг Прабанг
Большая частка насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: [лаа](/Лаа "Лаа") (каля 53 %), тай, горныя тай і інш. Лаа (інакш іх называюць лаа-лумы - раўнінныя лаа) выдзяліліся са складу агульнатайскага этнасу ў [XIV стагоддзі](/XIV_стагоддзе "XIV стагоддзе"). Пражываюць яны ў даліне Меконга, у найбольш шчыльна заселенай частцы Лаоса. Што тычыцца горных лаа-танг (кхмерская група) і лаа-сунаў ([сям’я мяа-яа](/Сям’я_мяа-яа "Сям’я мяа-яа")), то яны пражываюць у горных ўсходняй і паўночнай, слабазаселеных частках краіны. Жывуць у Лаосе таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (67 %), прыхільнікі розных рода-племянных [анімістычных](/Анімізм "Анімізм") вераванняў, так званай лаоскай народнай рэлігіі (31 %). Каля 2 % насельніцтва - хрысціяне.

Урбанізацыя вельмі нізкая — 33 %, у сталіцы пражывае амаль палова ўсіх гараджан — 1 млн чалавек (2017)[1], астатнія гарады невялікія (Паксэ - 90 тыс.), Саванакхет (66 тыс.), Луанг Прабанг (47 тыс.)

Эканоміка

Грашовая адзінка — кіп. ВУП на душу насельніцтва у 2017 склаў 7 400 долараў. Найбяднейшая пасля Усходняга Тымора краіна ПУА. Пры гэтым цягам апошняга дзясяцігоддзя эканоміка Лаоса дэманстравала штогадовы рост больш за 7 %. Амбіцыйныя планы развіцця лаоскай эканомікі звязаны з асваеннем гіганцкага гідрапатэнцыялу Меконга і экспартам электраэнергіі ў суседнія краіны.

Каля 70 % насельніцтва занята ў сельскай і лясной гаспадарцы.[1] Прыкладна 80 % пасяўных плошчаў адведзеныя пад рыс. Сярод іншых культур — кукуруза, батат, кава; развітыя гадоўля птушкі, буйвалаў. Важнае значэнне маюць лесанарыхтоўкі. Прамысловасць: здабыўныя галіны (здабыча медзі, волава). Асноўны тып электрастанцый - ГЭС, на Меконзе і прытоках. Акрамя электраэнергетыкі, апрацоўчыя галіны прадстаўлены пашывам адзення. Асноўны гандлёвы партнёр - Тайланд, на які прыходзіцца амаль палова знешняга гандлю. Пачынаючы з 2010, краіну штогод наведвае больш за 2,5 млн турыстаў. У 2016 гэтая лічба дасягнула 4,2 млн.[3]. Ва ўмовах складанага горнага рэльефу развіццё атрымаў унутраны водны транспарт. Меконг суднаходны на працягу 500 км ад В’енцьяна да Саванакхета, дзе шырыня ракі дасягае 1,5 км. Найбольш распаўсюджаныя сродкі руху — пласкадонныя сампаны, доўгія пірoгі і маторныя лодкі. Квітнее кантрабандны гандаль опіумам - паўночныя раёны Лаоса з’яўляюцца адной з вяршыняў знакамітага Залатога трохкутніка.

Некаторыя цікавінкі

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/la.html
  2. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2017/02/weodata/weorept.aspx?pr.x=67&pr.y=9&sy=2017&ey=2017&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=544&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. http://www.tourismlaos.org/files/files/2016%20Statistic%20Report.pdf Архівавана 22 кастрычніка 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Краіны, якія не маюць выхаду да мора
Катэгорыя·Індакітай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Катэгорыя·Лаос
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта