wd wp Пошук:

Меконг

Меконг — рака ў Азіі, у Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай.

Даўжыня каля 4500 км, плошча вадазборнага басейна 810 тыс. км².

Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хрыбта Тангла, на вышыні больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе называецца Ланьцанцзян), у заходніх адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кхон). Упадае ў Паўднёва-Кітайскае мора. Ніжэй горада Пнампень пачынаецца дэльта ракі (плошча каля 70 тыс. км²), дзе вылучаюцца два галоўных рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі.

Галоўныя прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан, Нам Оў (злева).

Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля горада Пнампень 13,2 тыс. м³/с (у разводдзе да 30 тыс. м³/с, у межань да 1,5 тыс. м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку Меконга ў ніжнім цячэнні — возера Танлесап, якое злучана з Меконгам аднайменным прытокам. У вільготны сезон (чэрвеньлістапад) возера папаўняецца водамі Меконга, у сухі (лістапад—чэрвень) — узровень вады ў Меконгу ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод.

Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на рацэ Нгум (левы прыток Меконга). Рэкі і азёры басейна Меконга багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да горада В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да горада Пнампень). На Меконгу — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Рэкі паводле алфавіта
Памежныя рэкі
Меконг
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Рэкі Лаоса
Індакітай
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Рэкі Тайланда
Рэкі В’етнама
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Рэкі Кітая
Рэкі М’янмы
Рэкі Камбоджы