wd wp Пошук:

Кітабы

Старонка кітаба ХІХ ст.
Кітаб. Другая палова XVIII cт. Папера, рукапiс. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi

Кіта́бы (ад ар. kitab ‘кніга’) — кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом.

Кітабы ствараліся татарамі, што пасяліліся на Беларусі і ў Літве ў XIV—XV ст. і паступова забылі сваю родную мову. Мяркуецца[1], што кітабы пачалі стварацца не пазней за ХVІ ст., але самыя старажытныя з вядомых грамадскасці датуюцца сярэдзінай ХVІІ ст.

Навуковая значнасць

У кітабах адлюстраваны побыт, звычаі, традыцыі татар-перасяленцаў, таму іх тэксты — каштоўны матэрыял для лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў. Кітабы «з’яўляюцца самым каштоўным матэрыялам для даследавання старой мовы, бо бадай не маюць уплываў царкоўна–славянскіх, а поўнасцю пабудаваны на аснове народнай, перадаючы нават асаблівасці гукавыя (дзеканне і г.д.)»[2].

Змест і форма

Змест кітабаў — тэксты, якія тлумачаць Каран, апісанні мусульманскіх рытуалаў і асноўных мусульманскіх абавязкаў, цытаты з Карана і выказванні прарока Мухамеда (хадзісы), усходнія казкі, прыгодніцкія аповесці. Часта сустракаюцца рэлігійныя легенды і апавяданні, напр., пра смерць Мар’ямы — маці Ісуса Хрыста, усходняя легенда Мірадж — апавяданне пра начную вандроўку прарока Мухамеда ў Іерусалім і потым да Боскага трона, маральна-этычныя павучанні для моладзі (пра шанаванне бацькоў, гасцей, бедных, сірот, суседзяў ды інш.), варажба па літарах Карана, разгадка сноў. Акрамя кітабаў выдзяляюць напісаныя арабскім пісьмом тафсіры, таджвіды, хамаілы. Кітабы напісаны і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў славянскіх кнігах заканчваецца. У бібліятэках Вільнюса і Мінска захоўваюцца кітабы аб’ёмам ад 70 да 1000 старонак. Радок у такіх манускрыптах суцэльны, няма падзелу на словы, адсутнічаюць знакі прыпынку і напісанні з вялікай літары. Новы твор (раздзел) пачынаецца словам «баб» (раздзел, пачатак новага зместу) ці «хікайет» (аповесць, апавяданне). Іншы раз гэтых слоў няма, тады на палях выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ) раздзела.

Мова кітабаў

Кітабы — шматмоўныя рукапісы, але дамінуе ў іх тагачасная беларуская народна-дыялектная мова. Некаторае павелічэнне ў кітабах ХІХ ст. тэкстаў, якія адчулі ўплыў польскай крэсавай мовы, рашаючага значэння на агульную ацэнку не аказвае. Мова кітабаў адрозніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў, яна блізкая да беларускай народнай мовы.

Спалучэнне (і нават перакрыжаванне) усходніх (арабскіх, цюркскіх) і славянскіх (беларускіх) моўных традыцый у манускрыптах назіраецца дастаткова часта. Напрыклад, у Кітабе А.Хасяневіча (1832) у сказе з апавядання пра Мар’яму: «аднаго дня Іса прарок / йего мілосьць / ласка божэйе над нім / да маткі свайей мувіл» выкарыстоўваецца традыцыйная ўсходняя ўстаўка-парантэза, яна не характэрная славянскім тэкстам. У гэтым жа тэксце ў сказе: «рэкла (Марйама): І / сыну мой Іса / астаньсе здароў / а йа ўжо адыйду» выкарыстоўваецца цюркскі выклічнік «і» побач з беларускай клічнай формай «сыну». Усё гэта разам фарміруе адметную стылістыку тэксту.

Філалагічная праца перакладчыка(ў) і капіістаў мела свядомы характар, што знаходзіла адлюстраванне ў імкненні пісаць аднастайна. З гэтай прычыны можна казаць пра існаванне ў кітабах літаратурна-пісьмовых нормаў. Яны ў сваю чаргу фарміраваліся пад уплывам некалькіх фактараў: ранейшых копій (і з гэтай прычыны адлюстроўвалі нормы беларускай мовы ранейшых эпох), кірылічных літаратурных (асабліва рэлігійных) крыніц і жывых народных гаворак. Гэта таксама надавала кітабам своеасаблівы каларыт.

Вывучэнне

Навуковае вывучэнне кітабаў пачалося ў XIX ст. Транслітараваныя ўрыўкі з кітаба надрукаваў А. Мухлінскі ў працы «Даследаванне пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (СПб., 1857). На пачатку XX ст. пра кітабы пісалі Я. Карскі, І. Крачкоўскі, І. Луцкевіч ды інш. У 1926 годзе Я. Станкевіч на філасофскім факультэце Карлавага універсітэта абараніў дысертацыю «Рэлігійныя кнігі беларускіх мусульманаў «Аль–Кітаб». Граматычны аналіз мовы на аснове фанетыкі і словаўтварэння». Мовазнаўчая дысертацыя Станкевіча ўяўляе сабою корпус рукапіснага тэксту (399 старонак) і сшытак–дадатак транскрыпцый тэкстаў «Аль–Кітаб» з выкарыстаннем розных графічных сістэм, у які ўкладзены 2 асобна аформленыя табліцы[3].

Найбольш грунтоўна кітабы даследаваў Антон Антановіч. У кнізе «Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма» (Вільнюс, 1968) ён разгледзеў 24 арыгінальныя тэксты, сярод іх 8 кітабаў.

У цяперашні час варта казаць пра даследаванне ў цэлым арабскаалфавітнай літаратуры, у т. л. кітабаў, створаных беларускімі (літоўскімі) татарамі. Нават сфармаваўся асобны кірунак пад назвай «кітабістыка». Вывучэнню кітабаў (і, шырэй, арабскаалфавітнай літаратуры) прысвечаны працы беларускіх, літоўскіх, польскіх, швейцарскіх, брытанскіх ды інш. даследчыкаў (В. Несцяровіч, Ш. Акінэр, Ч. Лапіч, В. Чэкман, Г. Александровіч-Мішкінене, П. Сутэр, М. Тарэлка ды інш.).

Зноскі

  1. А. К. Антановіч ды інш.
  2. У. Дубоўка. Пра нашу літаратурную мову // «Узвышша». — 1927. — № 2.
  3. Мікола Трус. Дысертацыі беларусаў, выпускнікоў Карлавага ўніверсітэта ў Празе. 1925—1931 гады // Полымя. — 2018. — № 12. — С. 133-134.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Кнігі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Беларуска-літоўскія татары
Катэгорыя·Беларуская арабіца
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак