wd wp Пошук:

Дэвід Лінч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лінч. Дэвід Кіт Лінч (англ.: David Keith Lynch; нар. 20 студзеня 1946) — амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, мастак, прадстаўнік амерыканскага незалежнага кінематографа. Лаўрэат прэміі «Залатая пальмавая галіна» (1990) і прыза за рэжысуру (2001) Канскага кінафестывалю, а таксама «Залатога льва» за ўнёсак у сусветны кінематограф (2006).

Біяграфія

Дзяцінства

Нарадзіўся 20 студзеня 1946 года ў амерыканскім горадзе Місула, штат Мантана. Бацька — навуковец, працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі ЗША. З маленства Лінч цікавіўся незвычайнымі рэчамі.

Адукацыя. Пачатак творчай кар’еры

Праз бацькаву работу сям’я часта змяняла месца жыхарства, маленькі Лінч вымушаны быў вучыцца ў розных школах. Каб стаць мастаком, у 1965 г. паступае ў Карконскую школу мастацтваў у Вашынгтоне. Яго мастацкія погляды ў значнай ступені сфармаваліся пад уплывам аўстрыйца Оскара Какошкі, захапленне якім на кароткі час прыводзіць мастака-пачаткоўца ў Аўстрыю. Сярод іншых настаўнікаў Лінч называў Ф. Бэкана і Э. Хопера.

У пачатку 1966 г. ён апынуўся ў Філадэльфіі, дзе пачаў займацца ў Пенсільванскай акадэміі прыгожых мастацтваў. Ходзячы на курсы эксперыментальнага мастацтва, ён адкрывае для сябе анімацыю і здымае сваю першую стужку — «Шэсць хворых мужчын». У 1967 г. ён набывае відэакамеру і стварае свой першы фільм «Алфавіт», у якім сумяшчае мультыплікацыю і кінакадры. Фільм заснаваны на начных жахах, якія перажыла Пэгі, пляменніца Лінчавай жонкі. Сама Пэгі выканала ў фільме ролю дзяўчынкі. Гэтая праца ўвайшла ў адзін з альманахаў авангарднага кіно. У 1970 г. ён зрабіў анімацыйную карціну «Бабка», якая доўжылася 35 хвілін, адрознівалася праніклівым зместам і вельмі прадуманай лініяй апавядання.

«Галава-гумка»

Кадр з фільма «Галава-гумка» (акцёр Джэк Нэнс, які праз ўсю 5-гадовую працу над фільмам насіў на галаве экстравагантную прычоску)

У 1971 годзе Дэвід Лінч узяўся за працу над сваім першым поўнаметражным фільмам «Галава-гумка». Сябар з маленства Джэк Фікс аказаў яму фінансавую падтрымку. Праца ішла, што называецца, прыхваткамі і з вялікімі цяжкасцямі, але была завершана ў 1976 годзе. Фільм адразу зрабіўся культавым. Фільм яўляе сабой падарожжа ў чалавечую свядомасць, поўную яскравых, заварожвальных вобразаў. Стэнлі Кубрык пазней назваў гэты фільм адным з сваіх любімых і нават прымушаў сваіх акцёраў глядзець яго перад здымкаю фільма «Ззянне» (1980), каб прывесці іх у пэўны псіхалагічны стан.

Набыццё вядомасці

Маладога рэжысёра заўважыў Мэл Брукс, на студыі якогда Лінч у 1980 г. паставіў фільм «Чалавек-слон» з удзелам Энтані Хопкінса, Джона Херта, Энн Бэнкрофт і Джона Гілгуда. Новы фільм уганаравалі васьмю намінацыямі на прэмію Оскар, але ён не атрымаў ніводнай, затое яму дастаўся «Сезар» як найлепшаму замежнаму фільму. Галоўны герой, надзвычай брыдкі, паказаны ў фільме больш чалавечным і добрым, чым «нармальныя людзі».

Пасля гэтага Лінчу прапанавалі зняць трэцюю частку эпапеі «Зорныя войны», але ён адмовіўся і пачаў працаваць з новым праектам — экранізацыяй рамана «Дзюна». На жаль, прадзюсары не далі Лінчу самастойна правесці мантаж фільма і кантралявалі працэс здымкі. Фільм, які быў выпушчаны ў 1984 г., не меў поспеху, і пры велізарным на тую пару бюджэце 45 мільёнаў долараў прынёс толькі 27 мільёнаў у пракаце. У гэтай карціне дэбютаваў акцёр Кайл Мак-Лахлен, які вельми ўпадабаўся Лінчу і потым паяўляўся не ў адной ягонай істужцы. Адну з роляў «Дзюны» сыграў музыка Стынг, пасля чаго Лінч пачаў запрашаць рок-зорак на ролі ў сваіх фільмах. Пазней у Лінча зняліся Дэвід Боўі і Мэрылін Мэнсан.

У 1986 г. Лінч зняў «Сіні аксаміт» з Кайлам Мак-Лахленам у галоўнай ролі. Па выхадзе фільма кінакрытыкі загаварылі пра Лінча як пра «нэаварвара», маючы на ўвазе заснаваную ім наватарскую плынь у кінематографе. У 1990 г. з’яўляецца роўд-муві «Дзікія сэрцам» з Нікаласам Кейджам і Лораю Дэрн у галоўных ролях. Не зважаючы на супярэчлівыя ацэнкі кінакрытыкаў, канскае журы на чале з Бернарда Берталучы прысудзіла рэжысёру «Залатую пальмавую галіну».

У пачатку 1990-х зняты Лінчам серыял «Твін Пікс» выклікаў сярод гледачоў гэтак званую «піксаманію», але поўнаметражны псіхадэлічны прыквэл да серыяла («Твін Пікс: Агонь, ідзі за мною», 1992 г.) атрымаў досыць нізкія ацэнкі, збольшага таму (паводле меркавання самога Лінча), што стылістычна ён быў мала звязаны з серыялам.

Фільмы 1990—2000 гг.

«Загубленая шаша» (1997) падзяліла крытыкаў на два лагеры, першы прыняў кінастужку станощча, а другі назваў яе заняпадам Лінчавай кар’еры. Фільм апавядае нам пра забойцу-шызафрэніка, якога прысудзілі да смяротнага пакарання. Перад смерцю яму здалося, што ён нібыта апынуўся на волі, дзе неўзабаве яго ўцягваюць ў шэраг захапляльных, надзвычайных прыгод.

У вачах крытыкаў з мэйнстрыму Лінча рэабілітаваў фільм «Простая гісторыя» (1999), заснаваны на рэальных падзеях. Праца «Малхоланд Драйв» (2000) адразу зрабілася культавай, і часопіс «Кае дзю Сінэма» назваў яе «найлепшым фільмам дзесяцігоддзя». Сам Лінч растлумачыў змест фільма як «каханне у горадзе сноў». Стужка расказвае пра дзвюх кабет, гісторыя якіх не мае ні пачатку, ні канца. У фільме не зразумела, дзе сон, а дзе рэчаіснасць; не зразумела, хто з герояў сніць гэты сон, а хто толькі сніцца і каго сапраўды не існуе.

Наступны фільм «Унутраная імперыя» зняты на ручную лічбавую камеру даволі прымітыўнай мадэлі. Здымка вялася без гатовага сцэнарыя, збольшага прайшла ў Польшчы.

Дэвід Лінч, 2009

Апошнімі часамі Д. Лінч здымае шмат кароткіх рэкламных ролікаў, а таксама анімацыйныя карціны.

Кароткаметражныя фільмы

Тэлевізійныя серыялы

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119035316 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  2. David Lynch
  3. https://zkm.de/en/person/david-lynch Праверана 30 чэрвеня 2022.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Сюррэалісты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Удакладненне арфаграфіі
Катэгорыя·Сцэнарысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Сцэнарысты ЗША
Катэгорыя·Карыстальнікі Twitter
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Пенсільванскай акадэміі прыгожых мастацтваў
Катэгорыя·Выпускнікі Універсітэта Джорджа Вашынгтона
Катэгорыя·Кінарэжысёры ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1946 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мантане
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Кінарэжысёры паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі «Сезар»