Генры Крэсвік Роўлінсан (англ.: Henry Creswicke Rawlinson; 11.4.1810, Чэдлінгтан, Вялікабрытанія — 5.3.1895), англійскі дыпламат, усходазнавец. Адзін з заснавальнікаў асірыялогіі.
У 1827—39 афіцэр брытанскай Ост-Індскай кампаніі (у Індыі і Іране). У 1840—60-я г. прадстаўнік брытанскага ўрада ў г. Кандагар (Афганістан), консул у Багдадзе, пасол у Тэгеране.
Прэзідэнт Азіяцкага каралеўскага таварыства (1878—81) і Геаграфічнага каралеўскага таварыства (1871—72, 1874—75).
У 1835—47 скапіраваў, пазней у асноўным прачытаў Бехістунскі надпіс, дэшыфраваў персідскія і вавілона-асірыйскія (акадскія) клінапісы. Вёў археалагічныя раскопкі старажытных гарадоў Двухрэчча Барсіпы і Сіпара (цяпер тэрыторыя Ірака).