wd wp Пошук:

Аўген Бартуль

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бартуль. Аўген Бартуль (26 лютага 1908, Пецярбург — 22 чэрвеня 1992, Лембарк, Польшча[1]; Псеўданімы: магчыма, А. Бужанскі) — беларускі паэт і нацыянальны дзеяч.

Біяграфія

Рада Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні. Трэці злева Аўген Бартуль, 1932

Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1920-я гады быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, у Раду якога быў абраны ў 1928 годзе. Пасля ўніверсітэта працаваў следчым на Лідчыне і ў Вільні[2].

Друкаваўся з 1925 года. З вершамі, апавяданнямі і крытычнымі артыкуламі выступаў у шматлікіх калектыўных зборніках, альманахах Заходняй Беларусі, у часопісах «Шлях моладзі» і «Калоссе». На думку Уладзіміра Калесніка, Бартуль падпісваў свае крытычныя і публіцыстычныя артыкулы у 1930-я гады псеўданімам А. Бужанскі, аднак з гэтай думкай нязгодны Максім Танк[3].

У канцы 1930-х гадоў кінуў пісаць. Акрамя таго, забараніў перадрукоўваць свае творы. З-за гэтага нават судзіўся. Максім Танк успамінаў у 1935 годзе:

«Каля „Бара Акацімскага“ ледзь не напароўся на Х. Ільяшэвіча і А. Бартуля — не так даўно яшчэ двух славутых паэтаў. Першы, стаўшы ценем Р. Астроўскага, п’е, спыніўшыся на нейкім раздарожжы паэзіі і непаэзіі, піша свае анемічныя, выхалашчаныя вершы; другі, як яго вусаты патрон, які, даехаўшы ў свой час на трамваі да прыпынку „Незалежнасць“, разьвітаўся з сацыялізмам, дабраўшыся да панскага карыта, разьвітаўся са сваім былым радыкалізмам і вершамі і зараз памагае пракурору пісаць акты абвінавачваньня супраць нас. Помню, у 1930 г. мяне зь імі пазнаёміла сястра Лю — Зося. А. Бартуль тады, здаецца, адзначаў пяцігодзьдзе сваёй дзейнасьці. (…) Другая сустрэча была праз год, калі мяне ў наручніках прывезьлі з Глыбокага ў Вільнюскі акруговы суд і прывялі на допыт да сьледчага, у пакоі якога я неспадзявана ўбачыў А. Бартуля. Ён увесь час, пакуль мяне дапытвалі, сядзеў за сталом, апусьціўшы галаву, не адрываючы вачэй ад нейкіх папер. І вось — трэцяя сустрэча з памочнікам сьледчага. Добра, што не заўважылі мяне. Я спыніўся каля вітрыны кніжнага магазіна, у якой, быццам у люстры, бачыў, як яны перайшлі на другую старану вуліцы. Ля старой камяніцы, дзе, здаецца, мясьцілася калісьці славутая друкарня Мамонічаў, стаяла некалькі рамізнікаў. У двух яны, уваліўшыся ў сані, паехалі ў бок Нямецкай вуліцы. Можа, куды зноў піць»[4]

Для дзеячаў БССР творчасць Бартуля была чужой. У 1932 годзе Алесь Салагуб у ЛіМе напісаў, што Бартуль, разам з Арсенневай, Ільяшэвічам і Машарам «актыўныя аружжаносцы беларускай контррэвалюцыі ў літаратуры, сьпявакі беларускай „Пагоні“ — сымбалю беларускай буржуазнай дзяржаўнасьці, рэакцыйныя пісакі, паборнікі рэакцый і папоўшчыны — актыўныя ворагі Совецкай Беларусі». Наконт верша Бартуля пра старую вёску Салагуб пісаў: «<…> так ные па старой вёсцы Бартуль — гэты абнаглелы нацыяналфашыст, які „левай“ і „рэвалюцыйнай“ фразыолёгіяй хоча здабыць сябе званьня пралетарскага поэты, каб з большым посьпехам „акалпачваць“, зацямняць сьвядомасьці працоўных»[5]

Невядома, дзе знаходзіўся А. Бартуль пасля верасня 1939 года, бо за працу ў польскіх органах улады яму напэўна пагражаў арышт.

Падчас 2-й сусветнай вайны Бартуль жыве і працуе на Лідчыне. Адсюль ён з пісьмовай просьбай звяртаецца да старшыні Віленскага беларускага камітэта доктара-стаматолага Баляслава Грабінскага, каб той выслаў яму ліст-пацвярджэнне, што Бартуль з’яўляецца беларускім пісьменнікам. На што Грабінскі адпісаў: «Ці не запозна вы пра гэта ўспомнілі?..».[2]

Пасля вайны Бартуль з’ехаў на Захад, дзе сляды яго згубіліся.

Зноскі

  1. Глагоўская, 2018
  2. 1 2 Чыгрын С. Прыгадаем Аўгена Бартуля // Ніва, № 5 (2281), 30 студзеня 2000.
  3. Ліс А. На разломе эпохі (штрыхі да партрэта Максіма Танка) // Тэрмапілы № 6, 2002.
  4. Танк М. Лісткі календара, 1935.
  5. Салагуб А. Літаратурны фронт Заходняй Беларусі // ЛіМ, 26 лютага 1932.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 лютага
Катэгорыя·Члены Беларускага студэнцкага саюза
Катэгорыя·Выпускнікі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Памерлі ў 1992 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1908 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі 22 чэрвеня