У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гардзіцкі. Аляксей Кузьміч Гардзіцкі (5 мая 1934, в. Пугачова Брэсцкага павета, з 1979 года ў межах Брэста — 24 жніўня 1999[1]) — беларускі літаратуразнавец і літаратурны крытык[2].
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1956)[2]. Працаваў завучам Мікашэвіцкага дзіцячага дома, сакратаром райкама камсамола, журналістам на Брэстчыне[2]. У 1959—1962 гадах — аспірант, у 1962—1966 — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР[2]. Працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку[2]. Член СП БССР (1970). З 1972 — літкансультант СП БССР[2]. Член КПСС[3][4].
Пахаваны на могілках у Камяніцы-Жыравецкай.
З рэцэнзіямі і артыкуламі на літаратурныя тэмы пачаў выступаць у 1959 годзе (брэсцкая абласная газета «Заря»). Працы прысвечаны пытанняма сучаснай літаратуры, літаратурных узаемасувязей[2].
Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра літаратуру «Дыялогі» (1968), «Сустрэчы» (1972), «Зразумець як сваё» (1977), «Вачыма сяброў» (1977), «Сябрына» (1986), «Гутаркі» (1988). Напісаў літаратуразнаўчую працу «Пра майстэрства дэталі» (1969) і брашуру «Творчасць Івана Шамякіна» (1971). Выступаў і як аўтар празаічных мініяцюр і літаратурных эцюдаў. Складальнік зборніка «Беларускія савецкія паэты» (на грузінскай мове, Тбілісі, 1978), біябібліяграфічных даведнікаў «Пісьменнікі савецкай Беларусі» (1981) і «Беларускія пісьменнікі: 1917—1990» (1994)[3].