Greenstream (у перакладзе з англійскай мовы — «Зялёны паток»[1][2][3][4], вымаўляецца «Грынстры́м») — газаправод, пракладзены па дне Міжземнага мора для транспартавання прыроднага газу з Лівіі ў Італію (на востраў Сіцылію), даўжыня ніткі газаправода складае 540 кіламетраў. Належыць лівійскай Нацыянальнай нафтавай карпарацыі і італьянскай нафта-газавай карпарацыі Eni[5]. Greenstream — найважнейшы складнік сумеснага праекта па распрацоўцы газавых радовішчаў заходняй Лівіі Western Libya Gas Project(англ.) , які ажыццяўляецца гэтымі ж прадпрыемствамі.
Ідэя транспартавання газу з Лівіі ў Італію з’явілася ў 1970-х гадах. Нейкія праектныя працы пачалі распрацоўвацца ў 80-х — 90-х гадах XX стагоддзя, але пра рэальнае ўвасабленне ідэі стварэння газаправода, які б злучаў газавыя радовішчы Лівіі са спажыўцамі ў Еўропе, загаварылі толькі напачатку XXI стагоддзя.
Будаўніцтва газаправода пачалося ў 2003 годзе[6]. Галоўным падрадчыкам праекта стала арганізацыя Saipem(англ.) — найбуйнейшае даччынае прадпрыемства карпарацыі «Eni». Saipem узяла на сябе комплекс інжынерна-канструктарскіх прац і ажыццявіла фактычную рэалізацыю праекта. Кампанія Royal Boskalis Westminster(англ.) правяла падрыхтоўчыя працы на шэльфе і земляныя працы на месцы ўваходу і выхаду газаправода ў мора[7]. Для кладкі труб па марскім дне было прыцягнута спецыяльнае судна Castoro Sei(англ.) .
Выпрабавальныя пастаўкі газу па Greenstream’у пачаліся 1 кастрычніка 2004 года, а 7 кастрычніка 2004 адбылася афіцыйная цырымонія запуску газаправода, у якой удзельнічалі палітычныя лідары Італіі і Лівіі — Сільвіа Берлусконі і Муамар Кадафі[6].
Працягласць газаправода Greenstream складае 540 кіламетраў — ад магутнай газакампрэсарнай станцыі ў горадзе Mellitah да газапрыёмнага тэрмінала ў сіцылійскім горадзе Джэла. «Зялёны паток» адзін з самых глыбакаводных з усіх існуючых нафта- і газаправодаў. Так на ўсход ад Мальты участак газаправода дасягае глыбіні 1127 метраў[6] (больш глыбакаводным лічыцца толькі расійскі «Блакітны паток», дзе ёсць участкі пракладзеныя на глыбінях да 2200 метраў[8][9]). Газаправод забяспечваецца запасамі газавых радовішчаў Bahr Essalam, Bouri Field(англ.) і Wafa field(англ.) , размешчанага ў пустыні Сахара блізка ад мяжы з Алжырам, у 530 кіламетрах ад Mellitah[5]. Кошт праекта склала 6.6 мільярдаў долараў[6]. Дыяметр газаправода роўны 810 міліметрам. Прапускная здольнасць Greenstream’а дазваляе дастаўляць 8—11 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу ў год.