Australopithecus garhi[1] — вымерлы від аўстралапітэка, сямейства гамінід, які жыў каля 2,5 мільёнаў гадоў таму[2]. Прадстаўнікі гэтага віду з’яўляюцца магчымым «пераходным звяном» ад роду аўстралапітэкаў да роду людзей (Homo). Належаць да групы грацыльных аўстралапітэкаў, то ёсць валодаюць далікатным, не масіўным целаскладам[3].
Выкапневыя астанкі гэтага віду былі знойдзены ў 1996 годзе групай навукоўцаў пад кіраўніцтвам эфіёпскага палеантолага Берхана Асфаў (Berhane Asfaw) і яго амерыканскага калегі Ціма Уайта (White). Пошукавыя работы праводзіліся ў Афарской нізіне (Afar Depression) Эфіопіі ў адкладах Боўры (Bouri Formation).
20 лістапада 1997 года на аснове гэтых знаходак быў вылучаны новы від гамінідаў — Australopithecus garhi. «Garhi» па-афарску азначае «дзіўны» або «сюрпрыз». Пацвердзіў і назваў новы від эфіёпскі палеаантраполаг Яханэс Хайле-Селасіе.
Дзіўнасць гэтага віду заключаецца ў тым, што разам з парэшткамі былі знойдзеныя прымітыўныя прылады, якія нагадваюць алдувайскую тэхналогію, і датаваныя узростам 2,5—2,6 млн гадоў[4]. Гэта мае на ўвазе, што гэты від аўстралапітэкаў пачаў выкарыстоўваць каменныя прылады раней чалавека ўмелага (якога, у сваю чаргу, назвалі так, прымаючы за вынаходніка алдувайскай тэхналогіі апрацоўкі каменя).
Рэшткі A. garhi (такія як BOU-VP-12/130) адрозніваюцца ў некаторых рысах ад тыповых прадстаўнікоў відаў Australopithecus afarensis і Australopithecus africanus[5]. Аб’ём мозгу A. garhi, роўны 450 см³, параўнальны з памерам іншых аўстралапітэкавых. Але прэмаляры і маляры маюць шмат падобных рыс з Paranthropus boisei, так як яны буйней, чым у любых іншых прадстаўнікоў грацыльных аўстралапітэкаў. Пасля адкрыцця прагрэсіўнага віду Homo gautengensis, які жыў адначасова з Australopithecus sediba ў Паўднёвай Афрыцы, A. garhi стаў галоўным прэтэндэнтам, на думку Дарэна Курно, на ролю прамога продка ранніх Homo[6].