Яўген Міхайлавіч Бабо́саў[4] (нар. 23 лютага 1931, Разань) — беларускі філосаф, сацыёлаг, палітолаг і культуролаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994)[5].
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1955). З 1955 года на камсамольскай і педагагічнай працы ў БДУ і Мінскім медыцынскім інстытуце[5]. Выкладаў філасофію ў БДУ і Мінскім медыцынскім інстытуце (з 1959 года). Навуковы сакратар Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР (1960—1962), намеснік загадчыка аддзелам навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ (1962—1977), адначасова з 1973 года прафесар кафедры філасофіі Інстытута павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Дырэктар Інстытута філасофіі і права АН БССР (1977—1989)[5].
У 1990 годзе заснаваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі (да 1998 яго дырэктар, цяпер ганаровы дырэктар), з 1998 года загадчык аддзелам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, адначасова загадчык кафедрай БДУ. Доктар філасофскіх навук (1972), тэма дысертацыі: «Мадэрнізацыя філасофска-тэалагічнай дактрыны каталіцызму пад уздзеяннем навукова-тэхнічнай рэвалюцыі», прафесар (1973), член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1977)[5], акадэмік НАН Беларусі (1994).
Навуковыя працы прысвечаны філасофска-метадалагічным праблемам навуковага пазнання, гнасеалагічным механізмам навуковых рэвалюцый, асаблівасцям узаемадзеяння навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследаванняў сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, духоўнага свету чалавека ў адзінстве з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Даследаваў метадалагічныя праблемы функцыянавання духоўнай культуры ў жыцці сучаснага грамадства, яе структуры і функцыі, асаблівасці развіцця яе кампанентаў (навукі, светапогляду, палітычнай, маральнай, мастацкай культуры), іх месца і роля ў развіцці грамадства, сацыяльна-псіхалагічныя механізмы іх уплыву на фарміраванне і жыццядзейнасць асобы. Распрацоўвае тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сацыялогіі, канфлікталогіі, экстрэмальных сітцацый, крызісаў і катастроф, асаблівасцей пераходнага перыяду. Даследуе асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-стратыфікацыйнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.
Аўтар звыш 820 навуковых прац, у тым ліку 36 манаграфій, 15 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па сацыялогіі і канфлікталогіі.
Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Кірункі навуковай дзейнасці: сацыяльная філасофія, тэарэтычныя праблемы культуры, сацыялогія культуры, фармаванне духоўнага свету асобы, праблемы славянскіх культур.
Быў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (1993), а таксама Сацыялістычнай партыі Беларусі (1994).