Яўген Віктаравіч Тарле (27.10(8.11).1875, Кіеў — 5 студзеня 1955, Масква) — савецкі гісторык, акадэмік АН СССР (1927).
У 1896 скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Вучань І. В. Лучыцкага. У 1903—1917 прыват-дацэнт Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1913—18 прафесар Юр’еўскага ўніверсітэта. З 1917 прафесар Петраградскага ўніверсітэта, затым ЛДУ і МДУ. У гады перад Рэвалюцыяй 1905—07 стварыў галерэю гістарычных партрэтаў: Руае-Калара, Дж. Канінга, Ч. Парнела, Л. Гамбеты, А. Розберы і інш. Магістарскую дысертацыю (абаронена ў 1901 у Кіеве) прысвяціў аналізу «Утопіі» Т. Мора.
У 1911 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Працоўны клас у Францыі ў эпоху рэвалюцыі» (т. 1-2, 1909-11). 3 капітальных працах «Кантынентальная блакада» (1913) і «Эканамічнае жыццё каралеўства Італіі ў валадаранне Напалеона I» (1916) упершыню ўвёў у навуковае абарачэнне шматлікія дакументы парыжскіх, лонданскіх, гаагскіх архіваў.
Вялікае навуковае значэнне мелі працы аб рэвалюцыйнай барацьбе французскага працоўнага класа («Працоўны клас у Францыі ў першыя часы машыннай вытворчасці. Ад канца Імперыі да паўстання рабочых у Ліёне», 1928; «Жэрміналь і прэрыяль», 1937). З 30-х гг. Тарле вярнуўся да жанру гістарычных партрэтаў («Напалеон», 1936, «Талейран», 1939). Удзельнічаў таксама ў падрыхтоўцы калектыўных прац: «Французская буржуазная рэвалюцыя 1789—1794», «Гісторыя дыпламатыі», падручнікаў для ВНУ і інш. Напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-45 Тарле напісаны працы вялікага патрыятычнага значэння пра нашэсце Напалеона, пра Нахімава, Ушакова, Кутузава; скончана даследаванне «Крымская вайна» (т. 1-2, 1941-43). Вялікую даследчую працу Тарле спалучаў з вялікай публіцыстычнай і прапагандысцкай працай (артыкулы ў прэсе, лекцыі). Сталінская прэмія (1942, 1943, 1946). Узнагароджаны 3 ордэнамі Леніна і 2 інш. ордэнамі.