wd wp Пошук:

Яўген Васільевіч Пятроў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пятроў.

Яўген Васільевіч Пятроў (нар. 3 мая 1999) — беларускі рэпер (псеўданім nokrolik) і саўндпрадзюсар, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе за сваю песню, радок з якой палічылі абразай А.Лукашэнкі[1].

Біяграфія

Яўген Пятроў да свайго затрымання падпрацоўваў стварэннем музычных трэкаў, свае песні ў стылі рэп выкладаў у сваіх сацсетках пад псеўданімам nokrolik.

Палітычны пераслед

Яўгена Пятрова затрымалі 4 чэрвеня 2021. Каб знайсці яго, супрацоўнікі ГУБАЗіК стварылі фэйкавы акаўнт і ад імя дзяўчыны напісалі яму ў асабістыя паведамленні, дзе папрасілі напісаць песню. Але на сустрэчу замест дзеўчыны-кліенткі прыйшлі следчыя. Хлапца дапыталі, пасля змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны, таксама прад’явілі яму абвінавачанне за абразу прэзідэнта (за песню «Лукашэнка, сыходзь») і адпусцілі пад падпіску аб нявыяздзе. Два з паловай месяцы доўжылася следства, Пятрова 5 разоў выклікалі на допыты ў Гомель.

23 жніўня 2021 за рэпост песні «Лукашэнка, сыходзь» Пятрова суд Цэнтральнага раёну Гомеля пакараў годам калоніі агульнага рэжыму 22-гадовага гамельчука Сяргея Балахонава, пазней прызнанага палітвязнем[2].

6 верасня 2021 у судзе Добрушскага раёну суддзя Лук’янава разгледзела справу Пятрова, які ў судзе абараняў сябе сам. Пракурор Дубаўцова прасіла зрабіць суд закрытым, з чым суд пагадзіўся. Пятроў у судзе віны не прызнаў, па яго сцверджаннях, ў песні, якую ён напісаў летась падчас выбарнай кампаніі, не было абразы, бо пасля абразлівага слова стаяў пытальнік, то бок ён ставіў пытанне наконт разумовых здольнасцяў Лукашэнкі: «Мяне вельмі ўсхвалявала тое, што адбывалася ў Беларусі падчас выбарнай кампаніі. Нерэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, затрыманні актывістаў, палітыкаў, блогераў (Сяргея Ціханоўскага). Брутальныя дзеянні сілавікоў у адносінах да пратэстоўцаў. Усё гэта падштурхнула мяне да стварэння гэтай песні, за якую мяне судзяць».

Эксперты, якія праводзілі лінгвістычную экспертызу тэкста песні, прыйшлі да высновы, што ў тэксце абраза Лукашэнкі ёсць («Ты Сярожу пасадзіў, Лукашэнка, ты дзебіл?»). У выніку, Яўгену Пятрову прысудзілі год калоніі ва умовах агульнага рэжыму, ён быў узяты пад варту ў судзе. Пятроў з’яўляецца грамадзянінам Расіі, таму пасля адбыцця прысуду яму пагражае дэпартацыя[3]

17 верасня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Яўген Пятроў быў прызнаны палітычным зняволенным, далучыўшыся такім чынам да шэрагу палітзняволенных, асуджанных па дыфамацыйных артыкулах (праваабарончая супольнасць Беларусі неаднаразова заяўляла аб неабходнасці дэкрыміналізацыі адказнасці па гэтым артыкулам, таксама падкрэслівалася селектыўнае і дыскрымінацыйнае ўжыванне крымінальнай адказнасці да крытыкаў прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў)[4].

У сярэдзіне студзеня 2022 стала вядома, што Яўген пераведзены з СІЗА-3 у Гомелі у папраўчую калонію № 15 у Магілёве.

Зноскі

  1. ЯЎГЕН ПЯТРОЎ (бел.)
  2. СЯРГЕЙ БАЛАХОНАЎ (бел.)
  3. У Добрушы пачалі судзіць рэпера nokrolik за песню «Лукашэнка, сыходзь» (бел.)
  4. Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дзевяці новых палітвязняў (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 3 мая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1999 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Асобы