У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Раманчук.
Ярасла́ў Чэсла́вавіч Раманчу́к (нарадзіўся 10 студзеня 1966 года, гарадскі пасёлак Сапоцкін, Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь) — беларускі палітык і эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (з красавіка 2000 г.)
Вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на выбары 2010 года[1][2][3]
Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, аспірантуру Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, кафедра эканамічных вучэнняў. Дысертацыя па тэме «Канцэптуальныя падыходы і парадыгмы сістэмных эканамічных рэформ у трансфармацыйным грамадстве. Параўнальны аналіз».
Працаваў выкладчыкам, журналістам, дырэктарам прадпрыемства, аналітыкам (жнівень 1990 г. — кастрычнік 1997).
Галоўны спецыяліст Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га склікання.
Эканамічны аглядальнік, затым намеснік галоўнага рэдактара, выканаўчы дырэктар штотыднёвіка «Белорусская газета» (студзень 1997 — май 2002).
Кіраўнік «Навукова-даследчага цэнтра Мізеса» аналітычнага цэнтра «Стратэгія» (з лютага 2002 г.)
З кастрычніка 2019 года уваходзіць у спіс беларускіх грамадзян, якім забаронены ўезд у ЕС[4].
Звыш 900 публікацый на эканамічную тэму ў розных друкаваных выданнях.
Чалец «Міжнароднага таварыства індывідуальных вольнасцяў», лаўрэат штогадовай узнагароды Вольнасці ISIL 2003 года, Лаўрэат прэмій Atlas Economic Research Foundation (2006—2007 гады), лаўрэат прэміі імя сэра Энтані Фішэра ў 2006 і 2007 годзе за кнігі «Беларусь: дорога в будущее» і «Бизнес Беларуси: в круге первом». Першы беларус — удзельнік міжнароднай асацыяцыі Mont Pelerin Society.
Самы вядомы прадстаўнік і папулярызатар аўстрыйскай школы эканомікі ў Беларусі. Эксперт па праблемах сістэмных сацыяльна-эканамічных трансфармацый. Эксперт па праблемах еўрапейскай інтэграцыі і супрацоўніцтва краін на постсацыялістычнай прасторы. Аўтар канцэпцыі інтэграцыі Беларусі ў ЕС, а таксама партнёрства Беларусі і Расіі.
З красавіка 2000 года — намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Абавязкі: міжнародныя адносіны, выпрацоўка эканамічных праграм і законапраектаў, а таксама стратэгіі развіцця краіны. Аўтар альтэрнатыўнага законапраекта аб бюджэце, падатковай сістэмы, канцэпцыі пенсійнай, адміністрацыйнай рэформы, альтэрнатыўнага законапраекта аб прыватызацыі, ваеннай рэформе, а таксама рэформе сістэмы аховы здароўя.
Высунуты кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на выбары 2010 года.
Валодае свабодна беларускай, рускай і польскай мовамі, дадаткова — англійскай і французскай.