wd wp Пошук:

Ян Свалынскі

Ян Свалынскі[1][2] (польск.: Jan Swołyński; канец XVI ст. — 1646) — маршалак земскі ашмянскі (1642-1646).

Біяграфія

Паходзіў з полацкага зямянскага роду, сын Івана Ахрамеевіча Свалонскага. З пачатку XVII ст. прадстаўнікі рода называлі сябе Свалынскімі.

У 1607 годзе за значныя заслугі ўзнагароджаны каралём Жыгімонтам Вазам. 12 лістапада 1607 года падскарбі вялікі літоўскі Яраш Валовіч атрымаў загад пра штогадовы юргельт Свалынскаму ў 150 злотых. Планавалася, што юргельт будзе выплочвацца з каралеўскіх уладанняў, але яны пацярпелі ад вайны і 5 красавіка 1613 года нададзены новы прывілей, выбіраць прызначаную суму з «мыт старых менскай каморы». Быў у канфлікце з менскім месцічам Фёдарам Заляцелым, які ў 1616 годзе звяртаўся да караля Жыгімонта Вазы па атрыманне заручнага ліста, які гарантаваў яму бяспеку ад нападаў Свалынскага.

У 1617—1619 годзе вёў перамовы з Львом Сапегам па размежаванні земляў, у 1619 годзе дакумент пра размежаванне Губскай пушчы ад уладанняў Свалынскага быў зацверджаны Жыгімонтам Вазам.

Быў звязаны з Радзівіламі. Ян Свалынскі быў ураднікам Януша Радзівіла ў Копысі і Смалявічах. Пасля смерці Януша Радзівіла (1620) перайшоў пад патранат Крыштафа Радзівіла, зводнага брата Януша. Падчас паходу на Лівонію ў 1622 годзе быў ад’ютантам К. Радзівіла. Як паручнік гусарскай харугвы ваяваў са Швецыяй ў 1625 і 1626 гадах.

У 1627 годзе дамовіўся з Ежы Слізнем і Ганнай Слізнянкай пра пераход у яго вячыстае леннае трыманне маёнткаў Вузлы, Матыкі, Княгінін і Студзёнкі Ашмянскага павета.

Каля 1640 года атрымаў прывілей на пасаду каралеўскага сакратара.

Да пачатку 1642 года Свалынскі быў намінаваны каралём Уладзіславам Вазам на маршалка земскага ашмянскага.

Памёр у другой палове 1646 годзе, апошні раз згаданы на ўрадзе 26 сакавіка 1646 года.

Сям’я

Першы шлюб — з Зосяй Тамковічаўнай Сялецкай (каля 1610). Другі шлюб — з Тэадорай Зафеяй Адамаўнай Трызнянкай (як жонка ўпершыню згадана ў 1637).

Зноскі

  1. Rachuba, Andrzej (2009). «Jan Swołyński». Polski Słownik Biograficzny. Vol. 46. Polska Akademia Nauk & Polska Akademia Umiejętności. pp. 164—165.
  2. Чарняўскі В. Ф. Маршалак Ашмянскага павета Ян Свалынскі (?-1646): паходжанне, грамадска-дзейнасць, маёмаснае становішча // Архіварыус. — Мінск: НГАБ, 2021. — С. 272—287.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Дэпутаты Сойма Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Маршалкі земскія ашмянскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1646 годзе
Катэгорыя·Род Свалынскіх
Катэгорыя·Асобы