Ян Пітэрсзан Свелінк (красавік або май 1562, Дэвентэр — 16 кастрычніка 1621, Амстэрдам) — нідэрландскі кампазітар, арганіст, клавесініст і педагог. Заснавальнік Паўночнагерманскай арганнай школы.
Сын арганіста. Неўзабаве пасля яго нараджэння сям’я пераехала ў Амстэрдам, дзе бацька заняў пасаду арганіста Старой Царквы. У яго Свелінк і атрымаў першыя ўрокі музыкі, а потым служыў арганістам у той жа царкве.
Віртуоз імправізацыі, празваны за гэта Амстэрдамскім Арфеем. Майстар вакальнай музыкі, аўтар больш за 250 вакальных твораў. Як педагог быў названы «вытворцам арганістаў», сярод яго вучняў Міхаэль Прэторыус, Самуэль Шэйт, Петрус Хасэ. Макс Зайферт апублікаваў дысертацыю «Я. П. Свелінк і яго прамыя германскія вучні» (ням. «J. Р. Sweelinck und seine directen deutschen Schüler», 1891 год).