У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Раманоўскі. Янка Раманоўскі (24 жніўня 1928, Мінск — 25 чэрвеня 1974, Мінск) — беларускі мастак; пляменнік Янкі Купалы. Названы маці, Леакадзіяй Дамінікаўнай, у гонар яе старэйшага брата — Янкі Купалы.[1]
Нарадзіўся 24 жніўня 1928 у Мінску. Правёў сваё дзяцінства побач з Янкам Купалам: з нараджэння і па 1941 год жыў у доме Янкі Купалы ў Мінску і на дачы ў Ляўках.[2] Гэта прычынілася да таго, што большая частка мастацкай спадчыны Я. Раманоўскага была звязана з адлюстраваннем жыццёвага і творчага шляху Я. Купалы. З натуры маляваў партрэты паэта, яго сваякоў і знаёмых, купалаўскія мясціны ў Мінску і Ляўках.
Мастацкую адукацыю пачаў перад вайной у 11-гадовым узросце ў Мінскай студыі юных дараванняў, дзе яго настаўнікамі былі В. Волкаў і М. Керзін. У 1947 годзе паступіў у мастацкае вучылішча, якое тады адкрылася ў Мінску. З 1953 па 1959 год вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе набыў спецыяльнасць мастака-графіка. Член Саюза мастакоў Беларусі, Я. Раманоўскі неаднойчы выбіраўся ў яго кіруючыя органы. З 1969 года і да канца жыцця працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Маладосць». Узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР.[3]
Першым найбольш сталым творам Я. Раманоўскага стала яго дыпломная праца ў інстытуце — створаная паводле матываў аднайменнага верша Я. Купалы серыя каляровых літаграфій «А хто там ідзе?» (1959, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). Творчы шлях мастака распачаўся са складаных тэматычных кампазіцый, але пазней у сваім развіцці талент Я. Раманоўскага набыў яскравую акрэсленасць у напрамку партрэту.[3] Працаваў у разнастайнай тэхніцы: жывапіс, літаграфія, лінагравюра, акварэль, гуаш, аловак, вугаль).[2] Быў сярод першых беларускіх мастакоў, хто асвоіў новую па тым часе тэхніку — афорт[4]
Янка Раманоўскі вытанчанасцю аблічча нагадваў вялікага Купалу. Майстар псіхалагічнага партрэта мастак Янка Раманоўскі стварыў асабліва адухоўлены, асабліва беларускі вобраз Янкі Купалы Рыгор Барадулін. «Аратай, які пасвіць аблокі»[5] |
Прастата і шчырасць – вось што такое, у двух словах, быў наш Янка. Аднак гэта была не тая прастата, што мяжуе з праставатасцю, і не тая шчырасць, якая пры бліжэйшым знаёмстве аказваецца недалёкасцю. Гэта была высокая прастата чалавека інтэлігентнага, далікатнага, за якою адчувалася парода, разумная шчырасць натуры багатай, што заўсёды тоіць у сабе неспадзяванку Вера Палтаран. «Талент чалавечай дабраты»[6] |