Янка (Іван Міхайлавіч) Ліманоўскі (9 верасня 1896, каля Дзісны — 3 мая 1989, Рычтан-Парк, Ілінойс, ЗША) — беларускі пісьменнік, літаратурны крытык, публіцыст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў рэальнае вучылішча. Вучыўся на агранамічных курсах. У час 1-й сусветнай вайны, у 1915 годзе мабілізаваны ў расійскую армію. У сакавіку 1918 года ўступіў у РСДРП(б). У 1919—1920 гадах служыў у Чырвонай Арміі, ваенны камісар дывізіі, удзельнік польска-савецкай вайны.
У 1920—1930 гадах на розных ваенных і савецкіх наменклатурных пасадах. Працаваў у Наркамаце земляробства БССР. Быў членам прэзідыума секцыі беларускай мовы і літаратуры Інбелкульта, Цэнтральнага бюро «Маладняка», адным з арганізатараў і кіраўнікоў (членам сакратарыята) БелАПП.
Актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім жыцці, выступаў з прамовай на I з’ездзе БелАПП («Маладняк» № 1, 1929), на Х з’ездзе Саветаў («Маладняк» № 3, 1931), уваходзіў у аргбюро літаб’яднання Чырвонай Арміі і Флоту і г. д.
Працаваў намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР, дырэктарам БДТ-2 у Віцебску.
Рэдагаваў газету «Камуніст» (Бабруйск), член рэдкалегіі часопісаў «Полымя», «Маладняк».
У час 2-й сусветнай вайны, на акупаванай тэрыторыі — загадчык літаратурнай часткі Менскага гарадскога тэатра. Летам 1944 года з адступленнем немцаў выехаў Германію. Затым эмігрыраваў у ЗША. У 1951—1955 гадах дырэктар управы БІНіМа. Некаторы час сябра Рады БНР, але затым выйшаў з яе.
У сярэдзіне 1950-х гадоў Ліманоўскі спрабаваў заняць пасаду кіраўніка беларускай рэдакцыі Радыё «Вызваленьне». Без узгоды з Радай БНР, ён пачаў самастойна дамаўляцца з заснавальнікамі радыёстанцыі і атрымаў дазвол. Гэта выклікала гучны водгук і кепскую рэакцыю ў асяроддзі беларускай эміграцыі, і таму яго прызначэнне не адбылося[1].
Некалькі разоў наведваў СССР, у т. л. Мінск у 1969 годзе. Падчас быцця ў Мінску жніўнем 1969 года яму наладзілі сустрэчу ў Саюзе пісьменнікаў, у кабінеце адсутнага М. Танка, у ёй бралі ўдзел П. Глебка, А. Бачыла, А. Бажко, А. Кулакоўскі, Л. Прокша, У. Карпаў, У. Гніламёдаў і іншыя. Паводле ўспамінаў У. Гніламёдава, удзельнікі пыталіся пра лёс даваенных пісьменнікаў, эмігрантаў Майсея Сяднёва, Казака, Алеся Салаўя, а сам Ліманоўскі адчувальна цярпеў настальгію, захапляўся Мінскам, казаў, што ён прыгажэйшы нават за Вашынгтон, хваліўся, што накупіў два чамаданы школьных падручнікаў беларускай мовы і літаратуры і павязе ў ЗША, агулам паводзінамі і рысамі быў падобны да «савецкага чалавека».[2]
Дэбютаваў у друку ў 1920 годзе. У 1920—1930-я гады вядомы як празаік, публіцыст, крытык, перакладчык. Першае апавяданне «Адшуканы скарб» (часопіс «Полымя», 1925). Аўтар аповесцяў «Два шляхі» (часопіс «Полымя», 1926), «Вецер з усходу» (1929), зборніка апавяданняў «Над абрывам» (1929). Тэматыка твораў — станаўленне савецкай улады, першыя сацыялістычныя пераўтварэнні ў Беларусі[3]. На думку Кузьмы Чорнага, у аповесці «Над абрывам» праявілася невысокая моўная культура тэкстаў Ліманоўскага, навязванне неўласцівай беларускай мове фразеалогіі, а таксама спрошчаны, схематычны паказ падзей[4][5]. Творчасць, аднак, мела папулярнасць, станоўча ацэньвалася літаратурнымі крытыкамі БелАПП (аповесць «Вецер з усходу», 1929; зборнік апавяданняў «Над абрывам», 1929)[2].
Друкаваў крытычныя артыкулы і рэцэнзіі ў перыядычным друку, некаторыя заслугоўваюць увагі («„Маладняк“ перад з’ездам», «Аб культурнай арыентацыі» і інш.).
У пачатку 1930-х гадоў далучыўся да вульгарна-сацыялагічнай, «бэндаўскай» крытыкі, пісаў разносныя артыкулы і рэцэнзіі на так званых «нацыянал-дэмакратаў».
У артыкуле Ліманоўскага «Аб культурнай арыентацыі» («Маладняк», 1930, № 5) фактычна зроблены данос на паэта Язэпа Пушчу:
«Возьмем для прыкладу твор Язэпа Пушчы „Лісты да сабакі“, які быў крытыкай расцэнены як кулацкі нова-буржуазны твор. (…) Вось авеяны сімволікай (досыць празрыстай) твор буржуазнага неарамантызму. Тут (…) і індывідуалізм звышчалавечы і „натоўп з душою неуклюжай“, і пагарда да савецкай рэчаіснасці і ніцшэанская бунтарнасць, скіраваная супраць удзелу ў соцбудаўніцтве, і вымаганне абсалютнай волі. Усё як належыць, паводле канонаў буржуазнай неарамантыкі».
Згадваючы нямецкага філосафа Ф. Ніцшэ, яго ідэі абсалютнай волі і звышчалавечага індывідуалізму, Ліманоўскі прыпісваў Пушчы рысы нацдэмаўства, што ў той час звычайна атаясамлівалася з паняццем «нацыянал-фашызм». Язэп Пушча быў арыштаваны органам дзяржбяспекі 25 ліпеня 1930 года; 10 красавіка 1931 года прыгавораны да высылкі з Беларусі ў аддаленыя раёны РСФСР. І зноў Ліманоўскі скарыстаўся магчымасцю наўздагон абвінаваціць Я. Пушчу ў артыкуле «За два гады класавай барацьбы ў літаратуры» («Маладняк» № 6—7, 1931), дзе пісаў, што ўжо рэпрэсаваны Язэп Пушча праз свае творы праводзіў тэорыю «асаблівай месіянскай ролі інтэлігенцыі, якая супрацьстаўляецца ролі кампартыі, ролі пралетарыяту»[6].
У 1933 годзе апублікаваў артыкулы «Аб творчасці Кузьмы Чорнага» («ЛіМ», 1933, 13 чэрвеня), «Аб творчасці М. Зарэцкага» («ЛіМ», 1933, 9 ліпеня), таксама напісаныя з пазіцый ваяўнічага вульгарнага сацыялагізму. Урэшце сам Я. Ліманоўскі стаў ахвярай такой крытыкі, у 1937 годзе выключаны з Саюза пісьменнікаў БССР (артыкул М. Клімковіча «Нацдэмаўскае і трацкісцкае ахвосце», «ЛіМ», 1937, 23 ліпеня)[2].
У аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі БДПУ захоўваецца фонд дакументаў, звязаных з Янкам Ліманоўскім[7].
З ліста Уладзіміра Дубоўкі да Янкі Саламевіча ад 14 снежня 1975 года[8] :
Чамусьці ніхто не хоча ўголас сказаць, што старшынёй БЕЛАППА, так сказаць – на чале БЕЛАППА і галоўным рэдактарам «Полымя», – калі ў апошнім друкаваўся самы бруд, – стаяў Янка Ліманоўскі. (...) Ды – ад’ютанты ягоныя сталі б перад вачыма сучаснікаў, чытачоў у належным святле. Замоўчыванне гэтага ганебнага факту з’яўляецца вялікім мінусам для беларускага літаратуразнаўства. Толькі тады, калі ўсе дзеючыя асобы (Ліманоўскія, Функі-Гародні і г.д.) будуць пастаўлены на “свае” месцы, пытанне[9] стане ясным. |