У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Флемінг. Якуб Генрык Флемінг (13 сакавіка 1667, Гоф — 30 красавіка 1728, Вена) — дзяржаўны і вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай, Саксоніі.
Прадстаўнік шляхецкага роду Флемінгаў герба ўласнага, сын Георга Каспра, брандэнбурскага таемнага дарадцы. Меў стрыечнага брата Яна Ежы.
Навучаўся ў галандскіх універсітэтах. У 1688 выправіўся ў падарожжа ў Англію.
Служыў у войску штатгальтэра Галандыі Вільгельма Аранскага, атрымаў званне генерала. З 1693 жыў у Саксоніі, дзе ў 1699 атрымаў званне генерал-лейтэнанта. Зблізіўся з курфюстам Фрыдрыхам Аўгустам, адыграў вялікую ролю пры ягоным абранні каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Саксонскія палкі пад ягонай камандай неаднаразова ўмешваліся ў спрэчкі Сапегаў з шляхтай Вялікага Княства Літоўскага. Стаяў на баку магнатаў (у тым ліку Радзівілаў, з якімі меў сваяцкія сувязі), адначасна распрацоўваў планы паступовай ліквідацыі шляхецкіх вольнасцяў.
Канюшы вялікі літоўскі (з 1701). Браў актыўны ўдзел у Паўночнай вайне. Па адмове Аўгуста Моцнага ад стальца (1706) атрымаў прызначэнне ў 1708 губернатарам Дрэздэна. Пасля Палтаўскай бітвы (1709) дапамог таму зноў атрымаць карону.
Актыўна выступаў супраць габсбургскай ідэі падзелу Рэчы Паспалітай. Безвынікова спрабаваў пашырыць уладанні дзяржавы на Памор’і. Пазней аддаваў перавагу саюзу з Аўстрыяй супраць Прусіі і Расійскай імперыі. Падтрымліваў рэформы ў Рэчы Паспалітай, выступаў супраць «гетманскага» стылю кіравання[4].
Саксонскі генерал-фельдмаршал (1711), генерал кароннай артылерыі ў 1710—1714 гадах, першы міністр Саксоніі з 1712.
Кавалер шэрагу ордэнаў: Крыжа нямецкіх законнікаў (іанітаў), дацкага Ордэна Слана, расійскага Святога Андрэя Першазваннага.