У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мозер.
Юрген Курт Мозер (ням.: Jürgen Kurt Moser; 4 ліпеня 1928, Кёнігсберг, Вольная дзяржава Прусія — 17 снежня 1999, Цюрых) — германскі, амерыканскі і швейцарскі матэматык. Член Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (1971), замежны член Расійскай акадэміі навук (1994), Французскай акадэміі навук (1995).
Нарадзіўся ў сям’і ўрача-неўролага Курта Мозера і піяністкі Ільзы Штрэльке. Пасля вайны сям’я жыла ў Мекленбургу. У 1947 годзе паступіў у Гётынгенскі ўніверсітэт і скончыў яго ў 1952 годзе. Вучыўся ў Франца Рэліха і Карла Людвіга Зігеля. У 1953 годзе атрымаў стыпедыю Фулбрайта і стажыраваўся ў Нью-Ёркскім універсітэце (1953—1954).
У 1954—1955 гадах працаваў асістэнтам у Зігеля і дапамагаў таму ў падрыхтоўцы выдання знакамітых «Лекцый па нябеснай механіцы». У 1955 годзе эміграваў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёркскім універсітэце і Курантаўскім інстытуце матэматычных навук у Рыхарда Куранта. Прафесар у Масачусецкім тэхналагічным інстытуце, а затым у Нью-Ёркскім універсітэце. У 1959 годзе атрымаў амэрыканскае грамадзянства.
Дырэктар Курантаўскага інстытута матэматычных навук з 1967 па 1970 год.
У 1970 годзе адхіліў прапанову ўзначаліць кафедру ў Інстытуце перспектыўных даследаванняў у Прынстане. Пасля 1980 працаваў у Федэральнай вышэйшай тэхнічнай школе Цюрых (ETH, Цюрых), стаў ганаровым прафесарам у 1995 годзе. Дырэктар Навукова-даследчага інстытута матэматыкі ў ETH (Цюрых) у 1984—1995 гадах. Прэзідэнт Міжнароднага матэматычнага саюза ў 1983—1986 гадах.
Яго жонка Гертруда (1928—2014), біёлаг, была дачкой матэматыка Рыхарда Куранта, унучкай матэматыка Карла Рунгэ і сястрой фізіка-ядзершчыка Эрнеста Куранта.