Эрнст Жалезны (ням.: Ernst der Eiserne; 1377, Брук-ан-дэр-Мур — 10 чэрвеня 1424, там жа) — герцаг Унутранай Аўстрыі ў 1402—1424 гадах з Леапальдзінскай лініі дынастыі Габсбургаў. Эрнст быў трэцім сынам аўстрыйскага герцага Леапольда III і Вірыдзіс Вісконці, дачкі Бернабо Вісконці, кіраўніка Мілана.
Пасля гібелі бацькі ў бітве пры Земпаху ў 1386 годзе Эрнст знаходзіўся пад апекай свайго дзядзькі Альбрэхта III, герцага Аўстрыі, а ў 1401 годзе суправаджаў германскага караля Рупрэхта ў яго кампаніях у Італіі. У 1402 годзе Эрнст быў прызнаны сваімі старэйшымі братамі Вільгельмам і Леапольдам IV у якасці герцага Штырыі.
Пасля смерці старэйшага брата, герцага Вільгельма, у 1406 годзе астатнія сыны Леапольда III падзялілі паміж сабой спадчынныя ўладанні: старэйшы Леапольд IV атрымаў Пярэднюю Аўстрыю, Карынтыю, Крайну і апеку над юным герцагам Аўстрыі Альбрэхтам V; Эрнст — Штырыю, а малодшы Фрыдрых IV — Ціроль. Аднак ужо ў наступным годзе ўспыхнуў канфлікт паміж Эрнстам і Леапольдам IV за кантроль над Венай. У гэтым сутыкненні Эрнста падтрымалі гарадскія вярхі і купецкія гільдыі аўстрыйскай сталіцы, тады як за Леапольда IV стаялі цэхі. Нягледзячы на пэўныя поспехі ў вайне супраць Леапольда, у 1409 годзе Эрнст быў вымушаны саступіць старэйшаму брату і пакінуць прэтэнзіі на Вену.
Пасля смерці Леапольда IV у 1411 годзе Эрнст, як старэйшы ў родзе, стаў главой Габсбургскага дому. Землі Аўстрыйскай манархіі былі зноў падзелены: Альбрэхту V пакінута ўласна Аўстрыя, Фрыдрых IV у дадатак да Ціроля атрымаў Пярэднюю Аўстрыю, а Эрнст стаў кіраўніком Штырыі, Карынтыі, Крайны, а таксама Трыеста і ленаў у Фрыўлі і Істрыі (усё разам — Унутраная Аўстрыя). Гэты падзел паклаў пачатак фарміраванню Штырыйскай (спадчыннікі Эрнста) і Цірольскай галін (нашчадкі Фрыдрыха IV) дому Габсбургаў.
Эрнст Жалезны быў апошнім кіраўніком Карынтыі, якія каранаваўся ў 1414 годзе паводле старажытнага славенскага абраду на Гаспасвецкім полі. Ён таксама першым з Габсбургаў стаў выкарыстоўваць тытул эрцгерцага, які быў уведзены Рудольфам IV у 1358 годзе, але з таго часу не ўжываўся з-за супраціўлення імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі.
З 1412 года Эрнст знаходзіўся ў бесперапынным канфлікце з імператарам Жыгімонтам. Калі ў 1417 годзе яго брат Фрыдрых IV быў пазбаўлены сваіх уладанняў імператарам, Эрнст спачатку паспрабаваў сам замацавацца ў Ціролі, але потым, дамовіўшыся з братам, узначаліў аўстрыйска-цірольскія войскі, якія далі адпор спробам імператара захапіць уладу ва ўладаннях Фрыдрыха.
Ад Эрнста Жалезнага вядуць сваё паходжанне ўсе наступныя імператары Свяшчэннай Рымскай і Аўстрыйскай імперый з дынастыі Габсбургаў.
Папярэднік Вільгельм |
герцаг Штырыі 1402—1424 Суправіцель: Вільгельм (да 1406) |
Пераемнік Фрыдрых V |
герцаг Карынтыі і Крайны 1411—1424 | ||