wd wp Пошук:

Эль-Куру

Галоўная піраміда Эль-Куру

Эль-Куру (араб. الكرو‎‎) — археалагічны помнік на поўначы Судана на месцы пахавання манархаў старажытнага Куша. Уяўляе сабою некропаль VIII - IV стст. да н. э. з пірамід і грабніц. Разам з археалагічным помнікам Джэбель-Баркал, ад якога знаходзіцца ў 13 км, унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гісторыя

Эль-Куру з’яўляўся адным з сакральных пахавальных цэнтраў дзяржавы Куш перыядаў Напаты і пачатку Мероэ. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што Эль-Куру набыў сваю значнасць ужо ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э., калі Куш вызваліўся з-пад улады Егіпта. Аднак найстаражытнейшыя магільні, выяўленыя ў Эль-Куру, пакуль датуюцца VIII ст. да н. э. Аднымі з першых пахаваных тут лічацца корэ Алара, брат Кашты, і яго жонкі.

Археалагічныя даследаванні пачаліся ў 1918 г. і працягваюцца да нашых дзён. Выяўлена болей за два дзесятка пірамід і грабніц. Апошнія пахаванні датуюцца IV ст. да н. э. Пахаванні Эль-Куру месцяцца на трох узвышшах на беразе Ніла, падзеленых сухімі пратокамі. Магільні маюць розную стылістыку. Большасць з іх знаходзіцца ў цэнтральнай частцы археалагічнага помніка. У 120 м на паўночны захад ад асноўнага некропаля валадароў Куша і членаў іх сямей знойдзены 4 магільні, у якіх пахаваны коні.

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ў старажытнасці Эль-Куру быў сапраўдным горадам мёртвых, закрытым для простых людзей, і быў абнесены мурам.

Асаблівасці пахаванняў

Найстаражытнейшымі пахаваннямі Эль-Куру лічацца курганы, што мелі выгляд малой мастабы, невысокую агароджу і бакавыя падземныя пахавальныя камеры. Пазней з’явіліся мастабы з падковападобнымі па форме сценамі і круглявай унутранай пахавальнай камерай. Паміж сцяной мастабы і камерай знаходзіліся розныя бытавыя прадметы, знойдзена мноства чарапкоў керамікі. Наступны этап будаўніцтва грабніц характарызаваўся шырокімі прамавугольнымі мастабамі.

Росквіт будаўніцтва манументальных пірамід і буйных грабніц у Эль-Куру прыпадае на IV ст. да н. э. У адрозненне ад ранніх мастаб, піраміды Эль-Куру мелі стромкія нахілы, пашыраную падземную камеру з калонамі і асобным саркафагам, унутраныя сцены ўпрыгожваліся роспісам.

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Нубія
Катэгорыя·Сусветная спадчына паводле алфавіта
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Судане
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Археалогія ў Судане
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты