У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пякарскі. Эдвард (Эдуард) Каралевіч Пяка́рскі (13 (25) кастрычніка 1858, вёска Пятровічы (каля Смалявічаў), Ігуменскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 29 чэрвеня 1934) — беларускі этнограф, географ, фалькларыст, мовазнавец. Член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР (1927), ганаровы акадэмік (1931)[3].
Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай, Чарнігаўскай гімназіях, у Харкаўскім ветэрынарным інстытуце. За ўдзел у народніцкім руху выключаны з інстытута, сасланы ў Якуцію (1881). Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў вучоным захавальнікам Музея антрапалогіі і этнаграфіі[4]. У 1914—1917[3] гадах сакратар аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук СССР.
Пахаваны на Смаленскіх лютэранскіх могілках у Санкт-Пецярбургу (набярэжная Смаленкі, 9). Надмагілле ўнесена ў Пералік аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны федэральнага (агульнарасійскага) значэння, якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу[5].
Прымаў удзел у экспедыцыях Усходне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1894—1896), Аяна-Нельканскай (1914—1917). Складальнік і рэдактар серыі «Образцы народной литературы якутов» (т. 1-3, 1911—1918)[4]. Адзін з аўтараў «Слоўніка якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—1930)[3]. Рэдакар часопіса «Живая старина» (1914—1917)[4].