wd wp Пошук:

Чэддзі Джаган

Чэддзі Бэрэт Джаган (англ.: Cheddi Berret Jagan; 22 сакавіка 1918, Порт-Морант, Гаяна — 6 сакавіка 1997, Вашынгтон, ЗША) — палітычны дзеяч і пісьменнік Гаяны. У 19921997 гг. — прэзідэнт гэтай краіны.

Шлях у палітыку

Чэддзі Джаган нарадзіўся ў сям’і наёмных рабочых на захадзе сучаснай Гаяны. Яго бацькі паходзілі з Паўночнай Індыі, былі злучаны шлюбам яшчэ ў дзяцінстве, у юнацтве пераехалі на працу ў Брытанскую Гвіяну. Дзяцінства Чэддзі Джагана прайшло ў жабрацтве. Бацька прымусіў яго пасля заканчэння школы адправіцца на вучобу ў Каралеўскі каледж у Джорджтаўне, а потым у 1935 г. — пераехаць у ЗША для вывучэння стаматалогіі. У 1943 г. незадоўга да вяртання ў Брытанскую Гвіяну Чэддзі Джаган ажаніўся з Джэнет Розенберг, амерыканкай яўрэйскага паходжання.

У кастрычніку 1943 г. Чэддзі Джаган разам з жонкай пачаў прыватную стаматалагічную практыку. У 1945 г. уступіў у прафсаюз, дзе спярша выконваў абавязкі скарбніка, а таксама публікаваўся ў мясцовай газеце.

Палітычная дзейнасць

У 1947 г. Чэддзі Джаган быў абраны прадстаўніком у заканадаўчы сход Брытанскай Гвіяны. У 1950 г. на аснове прыхільнікаў прафсаюзнага руху ён стварыў першую палітычныю партыю Гаяны — Народную Прагрэсіўную партыю (НПП). Для прыцягнення афрагаянскіх выбаршчыкаў Чэддзі Джаган запрасіў у якасці сукіраўніка маладога афрагаянскага адваката Форбса Бэрнхама, будучага першага прэм’ер-міністра і прэзідэнта незалежнай Гаяны. У 1953 г. прадстаўнікі НПП выйгралі выбары ў заканадаўчы сход, першае паседжанне якога 18 мая Чэддзі Джаган і Форбс Бэрнхам адкрылі сумесна. Аднак палітыка ўрада НПП выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі. 9 кастрычніка 1953 г. Лондан адмяніў асноўны закон Брытанскай Гвіяны і распусціў заканадаўчы сход.

У 1955 г. паміж двумя лідарамі НПП адбыўся раскол. Форбс Бэрнхам узначаліў адносна невялікую фракцыю, а ў 1958 г. стварыў цалкам самастойны Народны Нацыянальны Кангрэс (ННК).

У 1961 г. НПП на чале Чэддзі Джагана зноў выйграла выбары. Быў створаны ўрад з чальцоў НПП, уведзена пасада прэм’ер-міністра, якую заняў Чэддзі Джаган. Аднак кіраванне НПП адзначылася сталымі канфліктамі з апазіцыяй. У 1963 г. на канстытуцыйнай канферэнцыі ў Лондане Форбс Бэрнхам прапанаваў увесці прапарцыянальную сістэму выбараў, што і было зроблена. Гэта прывяло да паражэння НПП на выбарах 1964 г. Апазіцыйныя партыі сфарміравалі кааліцыю на чале Форбса Бэрнхама, які стаў прэм’ер-міністрам. 26 мая 1966 г. падчас канферэнцыі ў Лондане было заключана пагадненне з Вялікабрытаніяй аб наданні Гаяне незалежнасці.

Форбс Бэрнхам кіраваў дзяржавай да сваёй смерці ў 1985 г. Чэддзі Джаган увесь гэты час з’яўляўся лідарам апазіцыі, супрацоўнічаў з шэрагам міжнародных арганізацый. У 1985 - 1992 гг. НПП узмацніла ціск на ўрад НКК. Пры пасрэдніцтве Джымі Картэра была дасягнута дамова аб адмене некаторых правіл галасавання, якія, як лічыў Чэддзі Джаган, дазвалялі НКК маніпуляваць выбарамі. Гэта дазволіла Чэддзі Джагану выйграць прэзідэнцкую кампанію 1992 г. 9 кастрычніка 1992 г. ён быў абвешчаны прэзідэнтам Гаяны. Гэтую пасаду ён займаў да сваёй смерці ад сардэчнага прыступу 6 сакавіка 1997 г.

Палітычныя погляды

Падобна іншым лідарам Паўднёвай Амерыкі і свайму галоўнаму апаненту Форбсу Бэрнхаму, Чэддзі Джаган з’яўляўся папулістам. У перыяд 1950 - 1964 гг. для крытыкі каланіяльнага рэжыму Вялікабрытаніі ён актыўна карыстаўся марксісцкай рыторыкай і ўспрымаўся з боку правых палітыкаў як камуніст. Аднак адкрыта аб сваёй ідэалагічнай пазіцыі Чэддзі Джаган не выказваўся. Лічыцца, што Вялікабрытанія і ЗША падтрымалі Форбса Бэрнхама ў 1964 г. з-за нежадання атрымаць камуністычны ўрад у паўднёваамерыканскай краіне, якая імкнулася да незалежнасці.

З 1969 г. Форбс Бэрнхам абвясціў сябе прыхільнікам марксізму, праводзіў палітыку “кааператыўнага сацыялізму”, супрацоўнічаў з Кубай і Кітаем. Першапачаткова Чэддзі Джаган працягваў крытыку рэформ свайго апанента з пункту гледжання марксісцкай ідэалогіі, аднак з пераходам часткі чальцоў сваёй партыі ў НКК і правалам палітыкі “кааператыўнага сацыялізму” пачаў настойваць на захаванні дробнай прыватнай маёмасці і прыватнага гандлю. Гэта ў значнай ступені паўплывала на пазіцыю Джымі Картэра, які падтрымаў лідара НПП на выбарах 1992 г. Падчас прэзідэнцтва Чэддзі Джагана, у Гаяне адбываліся рэформы, распрацаваныя МВФ. Яны садзейнічалі прытоку інвестыцый з ЗША і іншых краін, але прывялі да расслаення і збяднення значнай часткі грамадства. Пры гэтым Чэддзі Джаган неаднаразова крытыкаваў палітыкі Захаду, выказваўся за антыглабалізм.

У самой Гаяне супярэчлівыя палітычныя погляды Чэддзі Джагана атрымалі назву джаганізм.

Літаратурная творчасць

Свае палітычныя і жыццёвыя погляды Чэддзі Джаган адлюстроўваў пераважна ў шматлікіх публіцыстычных артыкулах, біяграфічных і гістарычных працах.

Найбольш вядомыя выданні:

Памяць

Чэддзі Джагана часцяком называюць бацькам гаянскай нацыі. У яго гонар названы міжнародны аэрапорт каля Джорджтаўна.

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 8 ліпеня 2019.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Пісьменнікі Гаяны
Катэгорыя·Выпускнікі Паўночна-Заходняга ўніверсітэта
Катэгорыя·Палітыкі Гаяны
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1918 годзе
Катэгорыя·Памерлі 6 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 сакавіка
Катэгорыя·Памерлі ў 1997 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Дружбы народаў
Катэгорыя·Прэзідэнты Гаяны
Катэгорыя·Гісторыя Гаяны