wd wp Пошук:

Чырванашыйны ляляк

Caprimulgus ruficollis

Чырванашы́йны ляля́к (Caprimulgus ruficollis) — птушка сямейства Сапраўдныя лялякі, роду Лялякі. Распаўсюджаны ў Еўропе на Іберыйскім (Пірэнейскім) паўвостраве (акрамя паўночна-заходняй частцы) і ў паўночна-заходняй Афрыцы. Падвіды: C. r. ruficollis — Партугалія, Іспанія, Марока, C. r. desertoruna — Марока, Алжыр, Туніс. Залятае на тэрыторыі, набліжаныя да арэялу (Вялікабрытанія, Францыя, Данія, Італія, Мадейра, Лівія, Канарскія астравы, Балеарскія астравы). Зімуе ў Заходняй Афрыцы на поўдзень ад Малі. На Беларусі не адзначаны.

Апісанне

Падобны да звычайнага ляляка, але большы (даўжыня цела 29 — 32 см, размах крылаў 53 — 64 см). Як усе ляляковыя, мае шырокі рот, вялікія вочы і доўгія крылы. Дарослыя шэрыя зверху, з карычнева-аранжавымі, чорнымі і белымі плямамі і стракамі, грудзі і жывот брудна-белыя з тонкімі папярочнымі радамі цёмнай стракатасці. У палёце бачны тры белых плямы на канцах крылаў і белыя канцы рулявых пер’еў на баках хваста. Па-над вокам мае светла-шэрае брыво, паміж шыяй і спіной стракатая паласа іржавага колеру. Дымарфізм атсутнічае. Паўночна-афрыканскі падвід C. r. desertorum мае больш блёклае афарбаванне і іншы малюнак першасных махавых пер’еў: цёмныя і аранжавыя палоскі прыблізна аднолькавай шырыні, у адрозненне ад тонкіх аранжавых і шырокіх чорных палосак у падвіда ruficollis [1]. Актыўны ў прыцемках. Днём знаходзіцца на зямле, замаскіраваны апярэннем, якое выглядае нібы пакрыты лішаямі сухі сук дрэва альбо сухое лісце; патурбаваны, узлятае з блізкай дыстанцыі. Харчуецца сумярэчнымі насякомымі, у т.л. молямі. Голас: двухскладовае сухое кукаванне «кукук», якое паўтараецца некалькі разоў і гучыць, як удары па дрэве [2] цішэй ці грамчэй у залежнасці ад павароту галавы птушкі цягам вакалізацыі. Таксама можа рабіць трэск крыламі за спіной (шлюбныя паводзіны).

Біятоп

Сухія ўчасткі голай, пясчанай глебы, пакрытай кустамі і дрэвамі, сухія пагоркі з групамі кустоў, сасновыя бары, а таксама лясы з коркавых дубоў, эўкаліптаў, аліўкавыя сады, густыя зараснікі, паўпустыні. Ніколі на зусім бяздрэўных тэрыторыях або стэпах. У гарах Сьерра-Невада даходзіць да 1500 м в.у.м.

Гняздо

Ямка без высцілкі пад прыкрыццем расліннасці. Два яйкі з аднолькавымі канцамі, крыху падоўжаныя, светла-шэрыя, з папялістымі, светла- ды жоўта-карычневымі плямамі, размешчанымі як на мармуры. Памеры 32х23 мм.

Крыніцы

  1. Melling, Tim (2009) Should Red-necked Nightjar be on the British List? British Birds 102(3): 110-5
  2. Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік. Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с., іл.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Леляковыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без NCBI
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных