Франсуа Клуэ (фр.: François Clouet; каля 1510, г. Тур, Францыя — 22 верасня 1572) — французскі жывапісец эпохі Адраджэння.
Сын і вучань Жана Клуэ Малодшага. Зазнаў уплывы Ганса Гольбейна Малодшага. 3 1540 прыдворны мастак Францыска I і яго пераемнікаў. Працаваў у Парыжы. Рабіў пераважна партрэты, таксама жанравыя кампазіцыі.
Творам уласцівы насычанасць каларыту, яскравасць характарыстык, якая спалучаецца з рэпрэзентатыўнасцю. Прайшоў значны шлях у распрацоўцы рэалістычнага псіхалагічнага партрэта. У яго творах можна ўбачыць уплывы работ Жана Клуэ, прыёмы пісьма італьянскіх мастакоў, асабліва тых, якія працавалі ў той час у Францыі. Але, нягледзячы на гэта, жывапісец захаваў свой індывідуальны почырк, выпрацаваў уласную манеру.
Аўтар партрэта аптэкара П. Кюта (1562), карціны «Жанчына купаецца» (каля 1571); яму прыпісваюць партрэты Генрыха II (1559), Карла IX (1561), карціну «Купанне Дыяны» (каля 1550—60) Лізаветы Аўстрыйскай (каля 1571) і іншыя партрэтныя малюнкі. У партрэтах Карла IX, Лізаветы Аўстрыйскай халаднаватая стрыманасць суседнічае з праўдзівай перадачай знешніх рыс мадэлі.
Франсуа Клуэ часта рабіў падрыхтоўчыя малюнкі для жывапісных работ. Па закончанасці і дакладнасці выяўлення натуры яны набылі цалкам самастойнае мастацкае значэнне. Увага майстра засяроджвалася на тонкай і цвярозай фіксацыі індывідуальных якасцей мадэлі. Малюнкі выконваліся алоўкам і падфарбоўваліся сангінай ці пастэллю.
Франсуа Клуэ на Вікісховішчы |