Усяслаў Васількавіч (пасля 1101 — пасля 1180) — князь полацкі (1162—1167, 1167 — пасля 1180)[1].
Сын полацкага князя Васількі Святаславіча. Магчыма, упершыню згадваецца як “Усяслаў з Полацка” сярод удзельнікаў паходу на Ушчыж[2], полацкім князём тады быў Рагвалод Барысавіч, напэўна, Усяслаў браў удзел у паходзе з яго згоды і з полацкімі сіламі. Ёсць думка, што да 1162 года княжыў у Віцебску[1][2]. Заняў полацкі сталец ў 1162 годзе пасля паразы Рагвалода Барысавіча ад менскага князя Валадара Глебавіча[1], пасля цяжкіх страт палачан Рагвалод не вярнуўся ў Полацк, а пайшоў княжыць у Друцк. Палачане заклікалі на сталец Усяслава, які валадарыў пры падтрымцы смаленскіх князёў і не ладзіў з менскімі Глебавічамі.
У 1167 годзе менскі князь Валадар, з войскам дзе было шмат літоўцаў, выступіў супраць Усяслава Васількавіча, перамог у бітве і заняў полацкі сталец, заключыў з вечам умовы і замацаваў крыжацалаваннем[1]. Затым накіраваўся на Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але даведаўшыся, што на дапамогу віцяблянам ідзе смаленскі князь Раман Расціславіч, вярнуўся ў Менск. Васілька зноў заняў полацкі сталец[1].
У 1175 годзе будучы полацкім князям таксама неяк кантраляваў Віцебск, пры гэтым захоўваў даўнюю сувязь са смаленскімі князямі, бо сватоў па дачку “Усяслава Віцебскага” уладзімірскі князь Яраполк Расціславіч паслаў “к Смоленьску”.
У 1178/1179 годзе ноўгарадскі князь Мсціслаў Расціславіч пайшоў на Полацк, але старэйшы брат, смаленскі князь Раман Расціславіч, папярэдзіўшы яго пра гэтага паслаў смаленскае войска на чале з сваім сынам Мсціславам на дапамогу палачанам. Такім чынам, паход наўгародцаў не адбыўся, але, мусіць, гэты выпадак абвастрыў полацка-смаленскія адносіны, што выявілася наступнымі гадамі.
Усяслаў Васількавіч апошні раз успамінаецца пад 1180 годам[1], калі разам з іншымі князямі выступіў супраць смаленскіх князёў, сваіх былых патронаў, у паход пад Друцк на баку чарнігаўскіх Ольгавічаў.
Мусіць, неўзабаве па 1180 годзе Усяслаў памёр.
Некаторыя даследчыкі атаясняюць Усяслава Васількавіча са згаданым пад 1186 годам “Усяславам з Друцка”[2].
Быў жанаты з дачкой смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, прынамсі ў 1178/1179 годзе Іпацеўскі летапіс называе яго “зяцем” (т.б. мужам сястры) Рамана і Мсціслава Расціславічаў.
Меў прынамсі адну дачку, якая 11.2.1175 года выйшла замуж за ўладзімірскага князя Яраполка Расціславіча.