Усе́люб[1] (трансліт.: Usieliub, руск.: Вселюб) — аграгарадок у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Уселюбскага сельсавета. Насельніцтва 717 чал. (2000). Знаходзіцца за 15 км на поўнач ад Навагрудку, на аўтамабільнай дарозе Навагрудак — Іўе.
Першы пісьмовы ўспамін пра Уселюб датуецца 1422 годам і змяшчаецца на пячатцы Яна Няміры[2]:
+ s(igillum) x iohan(n)is x de x wselub x |
У 1433 вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч пацвердзіў наданне маёнтку роду Неміровічаў.
У XV ст. тут заснавалі касцёл. У першай палове XVI ст. маёнткам супольна валодалі Неміровічы і іх родзічы Шчыты, пазней — ваявода полацкі С. Давойна. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Уселюб увайшоў у склад Наваградскага павета Навагрудскага ваяводства. Па смерці С. Давойны ў 1571 маёнтак перайшоў да яго ўдавы Б. Саламярэцкай, якая ў 1576 прадала яго Мікалаю Радзівілу «Рудому». У 1576—1642 касцёл перарабілі на кальвінскі збор. З 1713 Уселюб знаходзіўся ва ўладанні А. Навасельскага, потым М. Ф. Радзівіла, у 1746 перайшоў да яго сына Альбрэхта, а ў 1790-я — да А. М. Пацея.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Уселюб апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Наваградскім павеце. Станам на 1799 у мястэчку было 106 дамоў. Маёнтак перайшоў да графаў О’Руркаў і зрабіўся адным з асяродкаў «галандскага» (і «швейцарскага») сыраварства ў Наваградскім павеце. У 1861 Уселюб стаў цэнтрам воласці. У 1884 тут збудавалі царкву. На 1886 у мястэчку было 108 двароў, існавалі валасная ўправа, 2 царквы, 2 капліцы, касцёл, сінагога, 2 крамы, 2 заезныя дамы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Уселюб апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны[3] Наваградскага павета.
У 1939 Уселюб увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 2000 тут было 198 двароў.
У ва Уселюбе працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, амбулаторыя, клуб, пошта.
У 1959—1960 гг. галоўным урачом участковай бальніцы працаваў Аляксандр Аляксандравіч Губко, будучы вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі, доктар медыцынскіх навук (1983), выпускнік і прафесар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта[7].