У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Макей.
Артыкул пра нядаўна памерлага чалавека. Інфармацыя можа хутка мяняцца за з’яўленнем новых фактаў. Калі ў артыкул унесены шкодныя праўкі, калі ласка, звярніцеся да адміністратараў. Шаблон прыбіраецца з артыкула не пазней як праз 7 дзён пасля смерці чалавека. |
Уладзі́мір Уладзі́міравіч Маке́й (5 жніўня 1958, Некрашэвічы, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць — 26 лістапада 2022) — беларускі дзяржаўны дзеяч, ваенны, дыпламат, міністр замежных спраў (2012—2022), кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2008—2012).
Нарадзіўся 5 жніўня 1958 года ў вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёна. Бацькі ўсё жыццё жылі ў Некрашэвічах. Бацька працаваў у мясцовым калгасе, памёр у 2014 годзе, маці памерла ў 2006 годзе. Акрамя Уладзіміра, у сям’і была дачка Наталля. У сям’і Макеяў дзяцей выхоўвалі ў «жалезнай» дысцыпліне[3]. Летам Уладзімір працаваў на сенажаці ў калгасе. Вучыўся ў базавай школе ў вёсцы Некрашэвічы. У 1975 годзе скончыў з залатым медалём сярэднюю школу ў суседняй вёсцы Лукі.[3]
У 1980 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Паводле даных СМІ, у 1980—1991 гадах працаваў у Галоўным разведвальным упраўленні Міністэрства абароны СССР[ru], дзе даслужыўся да палкоўніка[4]. Служыў ва Украіне, накіроўваўся на службу ў Афганістан. У 1992—1993 гадах праходзіў навучанне ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі.
Да 1993 года працаваў у органах Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, затым знаходзіўся на дыпламатычнай службе[5]. У 1993—1995 гадах — трэці сакратар упраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другі сакратар аддзела аналізу і прагназавання, другі сакратар сакратарыята Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У 1995—1996 гадах працаваў намеснікам начальніка Службы дзяржаўнага пратакола Міністэрства замежных спраў. У 1996—1999 гадах — прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Савеце Еўропы, саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы. У 1999—2000 гадах — начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў.
З сакавіка 2000 года — памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з ліпеня 2008 года — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
З 20 жніўня 2012 года — Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Тое, што ён рабіў на сваёй пасадзе ў 2015-2019, было выкананнем задачы Лукашэнкі па наладжванню шматвектарнасці, як заўважае Віталь Цыганкоў[6]. Пасля 2020 года яго місія ўвогуле стала невыканальнай, адзначае Віктар Багдзевіч[7].
У час палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе Уладзімір Макей падтрымаў рэжым Лукашэнкі, гвалт супраць пратэстоўцаў і пагром грамадзянскай супольнасці. Тады ж з нагоды накладзеных міжнародных санкцый заявіў:
Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць [Беларусі] перастане існаваць. І гэта, я лічу, будзе абсалютна абгрунтавана ў такой сітуацыі[8].
Арыгінальны тэкст (руск.)
Любое дальнейшее ужесточение санкций приведет к тому, что гражданское общество перестанет существовать. И это, я считаю, будет абсолютно обосновано в данной ситуации. |
25 лістапада 2022 года правёў сустрэчу з Апостальскім нунцыем у Беларусі Антэ Ёзічам[9].
Памёр 26 лістапада 2022 года[10]. 29 лістапада ў Цэнтральным доме афіцэраў адбылося развітанне з Уладзімірам Макеем, у гэты ж дзень ён быў пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Ведаў англійскую і нямецкую мовы.
Меў двух сыноў ад двух шлюбаў. Другая жонка — актрыса і тэлевядучая Вера Палякова-Макей.
Сястра — Наталля, жыве ў Баранавічах[3].
Цешча — Таццяна Дзмітрыеўна Палякова, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры фізічнай рэабілітацыі[11], раней — прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры[12].