У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ліпскі.
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі (нар. 6 мая 1940, в. Шоўкавічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць) — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1960 годзе скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (1960—1964), у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1964—1967). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). У 1967—1968 гг. першы сакратар Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968—1976 — у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976—1978 — адказны сакратар праўлення Саюза пісменнікаў БССР. З 1978 года галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». З 1988 года — старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду, пасля прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня I Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці (1995).
У друку выступае з 1964 года. Аўтар кніг публіцыстыкі «Райкомаўскія будні» (1971), «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), «Якое яно, шчасце?» (1977), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакументальных аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пастаўлена радыёп’еса ў 1978), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі…» (з Б. Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І. Грынявіцкага), зборнікаў прозы «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998) створаная на архіўных і дакументальных матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Кнігу «Мама. Малітва сына» (1999) Уладзімір Ліпскі напісаў да стагоддзя сваёй маці. Прозвішчы землякоў, іх жыццёвыя лёсы i сталі матэрыялам для скрупулёзнага даследавання пісьменніка ў кнізе «Мы: аповесць пра нашы прозвішчы» (2006).
Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т.л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Пралескі ў небе» (1997), «Антонік-понік» (1998), «Наша Маша» (2002), «Прыгоды нуліка» (2007), «Я тут жыву: дзецям пра Беларусь» (2008) і інш. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой народнай мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзяржаўным музычным тэатры Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С. Клімковіч, муз. В. Войціка).