wd wp Пошук:

Тэатральны куфар

«Тэатра́льны ку́фар» — міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў, які штогод ладзіцца Беларускім дзяржаўным універсітэтам з 2004 года. Дэвіз фестывалю — «Традыцыі. Пошук. Эксперымент». Штогод пастаноўкі фестывалю наведваюць каля 12 тыс. гледачоў. На пачатак 2015 г. за 11 гадоў існавання ў фестывалі бралі ўдзел тэатральныя студэнцкія калектывы з 60 краін свету[1].

Пераможцы

ГодКраінаВНУТэатрСпектакль
2015Беларусь (Мінск)Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваўТэатральная майстэрня «Студыёзусы»«Вій»[ru] (2012, Наталля Варажбіт)[2]
2014Іран (Тэгеран)Тэатр «Папіён»«Крэслы»[fr] (1952, Эжэн Іанеско)[3]
2013Беларусь (Мінск)Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур БеларусіТрупа «Тэатральны квадрат»«Мэнш-чалавек» (2006, Андрэй Шыманскі)[4]
2012Літва (Вільнюс)Вільнюскі ўніверсітэт дастасоўных навукТэатр «ПС09»«Вечар з Чэхавым» (1959, Канстанцін Ліхачоў)[5]
2011Расія (Екацярынбург)Тэатр-студыя «Галёрка»«Гупёшка» (2003, Васіль Уладзіміравіч Сігараў[ru])[6]
2010Англія (Бат, графства Сомерсет)Універсітэт Бат-Спа[en]Тэатр «Рэмінгтанскі праект»«Чырвоны пакой» (1979, Анджэла Картар)[7]
2009Беларусь (Менск)Беларускі дзяржаўны ўніверсітэтДраматычны тэатр «На балконе»«Зімы не будзе» (2005, Віктар Іосіфавіч Альшанскі[ru])[8]
2008Расія (Масква)Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэтМаскоўскі адчынены студэнцкі тэатр[ru]«Сірано»[fr] (1897, Эдмон Растан)[9]
2007Беларусь (Мінск)Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваўТэатр-студыя «Сёмы паверх»«Свінскія выбрыкі» (2006, Аляксандр Богдан)[10]
2006Літва (Вільнюс)Вільнюскі тэхнічны ўніверсітэт[lt]Тэатр-студыя «Палепэ»«Касцюм»[en] (1958, Рэй Брэдберы)[11]
2005Беларусь (Полацк, Віцебская вобласць)Дом культуры ПолацкаТэатр «Пілігрым»«Не пакідай мяне» (2005, Аляксей Дудараў)
2004Расія (Санкт-Пецярбург)Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэтЦэнтр эстэтычнага выхавання і развіцця асобы«Казка»[en] (1926, Уладзімір Набокаў)[12]

Гісторыя

29 верасня 2004 г. у будынку Ліцэя БДУ (Мінск, вул. Ульянаўская, д. 8) пачаўся першы фестываль «Тэатральны куфар», у якім да 3 кастрычніка паўдзельнічалі 11 тэатраў[13] з 4 краін Еўропы (Англія, Беларусь, Расія і Швейцарыя)[14]. На адкрыцці фестывалю яго ўдзельнікаў вітаў рэктар БДУ Васіль Стражаў[15]. Мастацкім кіраўніком фестывалю выступіў Сяргей Турбан. 27 верасня 2005 г. у Ліцэі БДУ ўрачыста адкрылі 2-і Міжнародны фестываль студэнцкай тэатральнай творчасці «Тэатральны куфар». Да 2 кастрычніка 2005 г. у фестывалі паўдзельнічалі тэатры з 6 краін Еўропы (Беларусь, Іспанія, Літва, Расія, Славенія і Швейцарыя) і 1 краіна Афрыкі (Нігерыя). Выступленні прайшлі на пляцоўках Ліцэя БДУ, філалагічнага факультэта БДУ і ў галоўным корпусе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта[16].

6-11 кастрычніка 2008 г. адбыўся 5-ы Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», на якім 19 студэнцкіх тэатраў з 9 краін Еўропы (Беларусь, Літва, Нідэрланды, Германія, Расія, Сербія, Украіна, Францыя і Эстонія) і 1 краіна Азіі (Ізраіль) выступілі з 20 спектаклямі. Адбор ажыццяўляўся з амаль 50 заявак на ўдзел. Трупы тэатраў налічвалі каля 300 акцёраў. Журы ўключала прадстаўнікоў з 5 дзяржаў Еўропы (Беларусь, Брытанія, Латвія, Славенія, Францыя) і 2 дзяржаў Паўночнай Амерыкі (ЗША, Канада). На чале журы стаяў старшыня Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў (МАУТ) Жан-Жак Лару (Канада). У сувязі з працягам бясплатнага допуску гледачоў у Ліцэі БДУ спектаклі праходзілі пры перапоўненых залах (звыш 500 месцаў). На закрыцці фестывалю 11 кастрычніка 2008 г. выдалі па-беларуску і па-англійску зборнік «Бібліятэчка» з 5 п’есамі беларускіх драматургаў, якія раней не друкаваліся[17]. Агульны лік гледачоў склаў каля 12 тыс. чалавек[18].

28 верасня — 3 кастрычніка 2009 г. прайшоў 6-ы Міжнародны фестываль «Тэатральны куфар», на якім паказалі 22 пастаноўкі тэатраў з 11 краін Еўропы (Англія, Беларусь, Бельгія, Латвія, Літва, Германія, Польшча, Расія, Славенія, Сербія і Эстонія), 2 краін Азіі (Іран, Турцыя) і 1 краіна Паўночнай Амерыкі (Мексіка)[19]. Сярод пастановак адсутнічалі спектаклі на беларускай мове[20]. 27 верасня — 2 кастрычніка 2010 г. на 7-ым фестывалі «Тэатральны куфар» беларускамоўныя спектаклі адсутнічалі паўторна, хоць удзел бралі 4 тэатры з Беларусі. Агулам прыехалі тэатры з 16 краін[21].

25 верасня — 2 кастрычніка 2011 г. адбыўся 8-ы фестываль «Тэатральны куфар» з удзелам 29 тэатраў з 12 краін Еўропы (Беларусь, Латвія, Літва, Нідэрланды, Германія, Польшча, Расія, Славенія, Сербія, Украіна, Харватыя і Эстонія), 2 краін Азіі (Грузія, Ізраіль), 1 краіна Афрыкі (Марока) і 1 краіна Паўднёвай Амерыкі (Бразілія). Упершыню на фестывалі ўвялі платныя білеты па 10 тыс. рублёў ($1,77)[22] за месца незалежна ад размяшчэння ў зале. З 13 пастановак ад тэатраў Беларусі на беларускай мове прайшлі 2 (15%): «Афарызм» паводле Уладзіміра Караткевіча (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт) і «Ігрышча» паводле Якуба Коласа (Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт)[23]. У 2011 годзе фестываль стаў уладальнікам сярэбранага медаля прафесійнага конкурсу «Брэнд года».

2-6 ліпеня 2012 г. 9-ы фестываль прайшоў з удзелам тэатраў з 6 краін Еўропы (Балгарыя, Беларусь, Літва, Расія, Украіна, Францыя), 3 краін Азіі (Грузія, Кітай, Філіпіны) і 2 краін Амерыкі (ЗША, Уругвай). З 70 спектакляў адбор для паказу прайшлі 13 заявак. Цана ўваходнага білета склала 23 тыс. рублёў[24] ($2,76). 4 ліпеня 2012 г. у Палацы культуры прафсаюзаў тэатр БДУ «На балконе» прадставіў беларускамоўную пастаноўку «Кругі» («Колы») паводле п’есы Уладзіміра Боські[25]. Фестываль упершыню прайшоў улетку для спалучэння з адначасным 9-м Сусветным кангрэсам Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў (МАУТ) у Мінску, на які з’ехаліся прадстаўнікі 35 краін[26]. 23-28 верасня 2013 г. 10-ы «Тэатральны куфар» адбыўся пры ўдзеле тэатраў з 14 дзяржаў Еўропы (Беларусь, Бельгія, Брытанія, Грэцыя, Латвія, Літва, Македонія, Малдова, Германія, Польшча, Расія, Славенія, Францыя і Эстонія), 3 дзяржаў Азіі (Бангладэш, Грузія, Турцыя) і 1 дзяржавы Паўночнай Амерыкі (Канада). На фестывалі паставілі 28 спектакляў. У выніку за 10 гадоў удзельнікамі фестывалю сталі тэатры з 55 краін[27].

На пачатак 2015 г. за 11 гадоў існавання ў фестывалі бралі ўдзел тэатральныя студэнцкія калектывы з 60 краін свету[1].

Зноскі

  1. 1 2 Заяўкі на міжнародны фестываль «Тэатральны куфар-2015» прымаюцца да 1 мая(нявызн.), БелТА (22 студзеня 2015). Праверана 14 ліпеня 2016.
  2. Надзея Нікалаева. Гэты неўміручы «Вій» // Звязда : газета. — 12 снежня 2015. — № 241 (28099). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. Захар Шчарбакоў. Гран-пры фестывалю «Тэатральны куфар» атрымаў спектакль «Крэслы» іранскага тэатра «Папіён»(нявызн.), БелаПАН (29 верасня 2014). Праверана 14 ліпеня 2016.
  4. Марына Носава. Гран-пры фестывалю «Тэатральны куфар — 2013» атрымаў беларускі спектакль «Мэнш-Чалавек»(нявызн.), БелаПАН (30 верасня 2013). Праверана 14 ліпеня 2016.
  5. Анастасія Янушэўская. Гран-пры 9-га фестывалю «Тэатральны куфар» атрымаў тэатр Універсітэта прыкладных навук з Вільнюса(нявызн.), БелаПАН (9 ліпеня 2012). Праверана 14 ліпеня 2016.
  6. БелаПАН. Галоўны прыз «Тэатральнага куфра» атрымалі расіяне(нявызн.), Беларускія навіны (2 кастрычніка 2011). Праверана 14 ліпеня 2016.
  7. Вольга Чайкоўская. Новыя звесткі пра чалавека // Чырвоная змена. — 6 кастрычніка 2010. — № 37 (15640). — С. 1-2.
  8. Таццяна Дарашчонак. Гран-пры фестывалю «Тэатральны куфар — 2009» атрымаў спектакль тэатра БДУ(нявызн.), БелаПАН (5 кастрычніка 2009). Праверана 14 ліпеня 2016.
  9. Таццяна Дарашчонак. Галоўную ўзнагароду міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар — 2008» атрымаў тэатр МДУ(нявызн.), БелаПАН (13 кастрычніка 2009). Праверана 13 ліпеня 2016.
  10. Надзея Нікалаева. «Свінскія выбрыкі» // Чырвоная змена. — 19 кастрычніка 2007. — № 43 (15494). — С. 2.
  11. Надзея Нікалаева. «Тэатральны куфар-2006» вызначыў пераможцаў // Звязда : газета. — 13 кастрычніка 2006. — № 225 (25814). — ISSN 1990-763x.
  12. Скрынка Пандоры // Наша Ніва : газета. — 8 кастрычніка 2004. — № 37 (395). — С. 1, 13. — ISSN 1819-1614.
  13. Вікторыя Аскера. Чараўніцтва і дэмакратызм маладога тэатра // Літаратура і мастацтва : газета. — 11 снежня 2015. — № 49 (4849). — С. 1, 8. — ISSN 0024-4686.
  14. Тэгеранскі тэатр «Папіён» атрымаў Гран-пры фестывалю «Тэатральны куфар»(нявызн.), БелТА (29 верасня 2014). Праверана 14 ліпеня 2016.
  15. Фотагалерэя 2004(нявызн.), «Тэатральны куфар» (2012). Праверана 14 ліпеня 2016.
  16. Марыя Касцюковіч. 7 краін у адным «Куфры» // Звязда : газета. — 30 верасня 2005. — № 190 (25522). — ISSN 1990-763x.
  17. Дар’я Прышчэпава. Маленькі юбілей вялікага фестывалю // Чырвоная змена. — 17 кастрычніка 2008. — № 41 (15545). — С. 1.
  18. Кацярына Саладуха. Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар»(нявызн.), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (4 кастрычніка 2009). Праверана 14 ліпеня 2016.
  19. Надзея Нікалаева. Гран-пры «Тэатральнага куфра» — у беларусаў // Чырвоная змена. — 9 кастрычніка 2009. — № 38 (15592). — С. 1.
  20. У праграме фестывалю «Тэатральны куфар» няма ніводнага спектакля на беларускай мове(нявызн.), БелаПАН (28 верасня 2009). Праверана 14 ліпеня 2016.
  21. Андрэй Смятаннікаў. «Тэатральны куфар»: зноў беларускай мовы няма(нявызн.), Generation.by (20 верасня 2010). Праверана 14 ліпеня 2016.
  22. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2011 год (верасень — 5642,01 руб. за долар)(нявызн.), Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (2012). Праверана 14 ліпеня 2016.
  23. Алесь Безухер. Фэст «Тэатральны куфар» стаў платным(нявызн.), Generation.by (20 верасня 2011). Праверана 14 ліпеня 2016.
  24. Вераніка Молакава. Душа ў куфры // Чырвоная змена. — 5 ліпеня 2012. — № 12 (15698). — С. 3.
  25. Фестываль студэнцкіх тэатраў Тэатральны куфар 2012 (поўны расклад)(нявызн.), Альтэрнатыўная маладзёжная платформа (18 чэрвеня 2012). Праверана 14 ліпеня 2016.
  26. І звон, і джаз // Культура : газета. — 23 чэрвеня 2012. — № 25 (1048).
  27. Анастасія Салановіч. Пачаўся прыём заявак на ўдзел у фестывалі «Тэатральны куфар»(нявызн.), БелаПАН (11 студзеня 2014). Праверана 14 ліпеня 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·З’явіліся ў 2004 годзе
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Студэнцкія фестывалі
Катэгорыя·Фестывалі Беларусі
Катэгорыя·Фестывалі паводле алфавіта
Катэгорыя·Тэатральныя фестывалі