Трансгендарнасць — несупадзенне гендарнай ідэнтычнасці чалавека з прыпісаным пры нараджэнні полам. Некаторыя трансгендарныя людзі ідэнтыфікуюць сябе з полам, супрацьлеглым прыпісанаму, іншыя маюць ідэнтычнасці, якія выходзяць па-за рамкі бінарнай гендарнай сістэмы.
Трансгендарнасць сама па сабе не з’яўляецца хваробай або расстройствам.[1] У той жа час некаторыя трансгендарныя людзі адчуваюць у сувязі з неадпаведнасцю свайго самаадчування і чаканняў асяроддзя моцны стрэс, які можа сур’ёзна можа адбівацца на іх здароўі і якасці жыцця. Такі стрэс мае назву гендарнай дысфарыі. Часта аптымальным вырашэннем гэтай праблемы з’яўляецца трансгендарны пераход, які можа ўключаць медыцынскія працэдуры па карэкцыі полу і змену дакументаў. [2] У шматлікіх выпадках цяжкі стрэс, які перажываюць трансгендарныя людзі, не звязаны непасрэдна з іх станам, а выкліканы дыскрымінацыяй і непрыняццем з боку асяроддзя — трансфобіяй.
Першыя даследнікі трансгендарнасці выкарыстоўвалі для апісання трансгендарных людзей займеннікі і асабістыя імёны, якія адпавядалі прыпісанаму пры нараджэнні полу, тым самым адмаўлялі гендарную ідэнтычнасць тых, каго даследвалі. З пункту гледжання некаторых сучасных даследнікаў, адмаўленне гендарнай ідэнтычнасці прадстаўляе сабой праяву ідэалогіі, якая сцвярджае непаўнавартаснасць або «ненатуральнасць» трансгендарных людзей.[3][4] Праваабаронцы і даследнікі ўказваюць на тое, што адмаўленне гендарнай ідэнтычнасці трансгендарных людзей можа непасрэдна прыводзіць да дыскрымінацыі і гвалту над імі.[4][5][6]
Тыя сучасныя стылістычныя дапаможнікі для журналістаў, якія займаюцца тэмай асвятлення жыцця трансгендарных людзей, рэкамендуюць заўсёды выкарыстоўваць у іх дачыненні тыя самавызначэнні, асабістыя імёны і займеннікі, якія гэтыя людзі для сябе выбралі[7][8][9], у тым ліку ў выпадках, калі гаворка ідзе пра мінулае чалавека[5][10]. Такія ж рэкамендацыі адрасуюцца псіхолагам і медыцынскім работнікам, якія аказваюць дапамогу трансгендарным людзям. [11][12][13][14][15][16]
Трансгендарнасць не мае прамога дачынення да сексуальнай арыентацыі. Трансгендарныя людзі праяўляюць увесь спектр магчымых сексуальных арыентацый і пераваг[17]. Вынікі сучасных даследванняў сведчаць аб прыкладна роўным статыстычным размеркаванні трансгендарных людзей па спектры сексуальнай арыентацыі. Так, па некаторых дадзеных, сярод транссексуальных жанчын 38 % бісексуальны, 35 % адчуваюць цягу да жанчын, 27 % — да мужчын[18][19]. Сярод транссексуальных мужчын, па дадзеных даследванняў, 55 % адчуваюць цягу да жанчын, 10 % да мужчын, 35 % бісексуальны[18].
У мінулым лекары адносілі транссексуальных людзей да гетэрасексуалаў ці гомасексуалаў на падставе прыпісанага пры нараджэнні полу[20]. Большасць транссексуальных і трансгендарных людзей лічаць такі падыход абразлівым, бо ён заснаваны на адмаўленні іх гендарнай ідэнтычнасці[21]. Акрамя гэтага, ён не ўлічвае магчымасць цягі трансгендарных людзей да іншых трансгендарных людзей, у тым ліку з небінарнымі гендарнымі ідэнтычнасцямі.
Для некаторых людзей слова «трансгендар» з’яўляецца іх ідэнтычнасцю, але ў той жа час гэты тэрмін выкарыстоўваецца як парасоністы панятак, які ўключае ў сябе шэраг часткова перасякальных катэгорый, такіх як «транссексуал» і «транссексуалка», «гендарквір», «бігендар», «агендар» і іншыя.
Некаторыя трансгендарныя мужчыны таксама выкарыстоўваюць тэрмін FtM (ад анг. female-to-male — «з жанчыны ў мужчыну»), трансгендарныя жанчыны — MtF (male-to-female — «з мужчыны ў жанчыну»). Іншыя адпрэчваюць гэтыя паняткі, бо лічаць, што яны дадаюць залішняе значэнне «пераходнаму стану» чалавека і прымяншаюць яго ўласнае самаадчуванне.
Трансгендарныя ідэнтычнасці разнастайныя і зменлівыя, таму скласці іх вычарпальны спіс ці даць ім выразныя, стабільныя вызначэнні, немагчыма. Адпаведна, гэтыя тэрміны і апісанні ўяўляюць сабою толькі прыблізныя арыенціры.