wd wp Пошук:

Гомасексуальнасць

Гомасексуальнасць
Зефір і Гіяцынт, атычная пасудзіна з Тарквініі, каля 480 да н.э., Бостанскі Музей Мастацтва

Гомасексуальнасцьсексуальная арыентацыя, якая выяўляецца ў эмацыйнай і сексуальнай схільнасці да асоб таго самага полу.

Каханне і яго сексуальнае выяўленне паміж асобамі таго самага полу вядомае ў большасці культур ад самых ранніх часоў. Аднак, да 19 стагоддзя такія дзеянні і адносіны не разглядаліся як вызначальныя для пэўнага тыпу людзей з выразнай і параўнальна стабільнай сексуальнай арыентацыяй. Першы вядомы выпадак ужывання слова гомасексуал (1869) належыць аўстрыйскаму публіцысту Карлу М. Кертбені. У 1886 г. Рычард Ф. фон Крафт-Эбінг выдаў кнігу «Psychopathia Sexualis», у якой папулярызаваў гомасексуальнасць як паняцце.

З тых часоў гомасексуальнасць стала прадметам шматлікіх даследаванняў і дыскусій. Прыманая першапачаткова за паталогію, цяпер гомасексуальнасць найчасцей разглядаецца ў кантэксце біялагічных, псіхалагічных, палітычных, гістарычных і культурных варыяцый сексуальнай практыкі і ідэнтычнасці. Па меркаванні гамафобаў, гомасексуальнасць з’яўляецца псіхічным захворваннем. Праўнае і сацыяльнае становішча людзей, якія практыкуюць аднаполыя сексуальныя стасункі і (або) ідэнтыфікуюць сябе як гомасексуалы (або геі ці лесбіянкі), істотна розніцца ў розных частках свету і застаецца прадметам гарачых дэбатаў.

Амерыканскі вучоны расійскага паходжання, Аляксандр Кірэеў, аналізуючы штогадовую апытанку General Social Survey (GSS), прыйшоў да высновы, што, чым вышэйшы IQ рэспандэнта, тым з большай верагоднасцю ён будзе цярпіма ставіцца да людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй[1]. Гомасексуалы часам робяцца ахвярамі злачынстваў на глебе нянавісці. У некаторых аўтаратырных краінах аднаплоцевае каханне караецца, у тым ліку смяротным пакараннем. Гістарычна пераследваліся ў многіх краінах, у першую чаргу фашысцкімі, бальшавісцкімі, рэлігійна-фундаменталісцкімі рэжымамі.

Этымалогія і ўжыванне паняцця

Паняцце гомасексуальнасць паходзіць ад двух слоў: грэчаскага ὁμός (го́мас) — той самы, аднолькавы, — і лацінскага sexus — пол. Яно азначае сексуальную арыентацыю, якая выяўляецца ў дамінантнай або выключнай эмацыйнай і сексуальнай схільнасці да асоб таго самага полу, у адрозненне ад гетэрасексуальнасці і бісексуальнасці.

Гомасексуал(-ка) — чалавек з гомасексуальнай арыентацыяй.

Ад часоў Савецкага Саюза і дагэтуль шырока ўжываюцца таксама формы гомасексуалізм і гомасексуаліст. Іх ужыванне часта нясе негатыўнае адценне, падкрэслівае прыналежнасць да ідэалагічнай групы (пар. сацыялізм, камуніст) і паталагічны характар. Гомасексуалізм таксама ўжываецца ў значэнні гомасексуальных практыкаў і субкультуры («пеналізацыя / дэкрыміналізацыя гомасексуалізму» — К. Лінхат. Легалізацыя аднаполых шлюбаў: Амерыканская і нямецкая мадэлі / Праўнік, 1(2) — 2006, с. 81) і таксама можа мець падкрэслена негатыўнае адценне.

У сувязі з шматзначнасцю паняцця гомасексуальнасць у навуковай літаратуры апошнім часам прынята карыстацца больш вузкімі тэрмінамі, напр. гомасексуальная арыентацыя, гомасексуальныя паводзіны або адпаведнікам аднаполы, напр. аднаполае партнёрства.

Іншыя тэрміны

Паколькі паняцце гомасексуал і вытворныя ад яго формы першапачаткова ўжываліся ў кантэксце медыцынскай паталогіі, многія людзі гомасексуальнай арыентацыі схільныя ўжываць слова гей (радзей гейка — для азначэння жанчыны, прым. гейскі) і леcбіянка (жанчына гомасексуальнай арыентацыі, прым. леcбійскі).

Тэрміны педэрастыя (педэраст і яго форма підар), блакітны і мужалоства запазычаныя з рускай і маюць абразлівы характар[крыніца?]. Радзей ужываецца садамія (або садомія, таксама садаміт і садомскі) у значэнні аднаполых сексуальных стасункаў і таксама мае абразлівы характар[крыніца?].

Словам «підар» часам перакладаюць англійскае queer, якое таксама ўжываюць у запазычанай форме — квір.

У тым самым значэнні, што і гомасексуальнасць, зрэдку ўжываецца слова гамафілія.

МСМ — адпаведнік англійскага MSM (men who have sex with men — мужчыны, якія маюць секс з мужчынамі). Па-англійску ўжываецца ў медыцынскай літаратуры для апісання сексуальных паводзін. Сустракаецца ў беларускім рускамоўным інтэрнэце.

Прыметнік гомаэратычны звычайна ўжываецца ў мастацкім кантэксце для апісання ўсяго, што мае дачыненне да гомасексуальных пачуццяў і эстэтыкі.

Статыстыка

Паводле сусветнага даследавання сексуальных паводзін Архівавана 30 красавіка 2008., праведзенага кампаніяй Durex у 2005, прыблізна 12% людзей мелі досвед аднаполых сексуальных стасункаў.

Паводзіны, аднак, не заўсёды з’яўляюцца паказчыкам унутранай скіраванасці ў чалавеку. Так, напрыклад, колькасць тых, хто ідэнтыфікуе сябе як асобу з гомасексуальнай арыентацыяй, нашмат меншая за тых, хто меў нават неаднаразовы досвед аднаполага сексу. У монасексуальных асяродках (вязніцы, армія, семінарыі) аднаполыя сексуальныя практыкі распаўсюджаныя шырэй і часта носяць адметны характар, чым па-за імі. Таксама сацыяльны ціск уплывае як на паводзіны, так і самавызначэнне чалавека. Паводзіны і самавызначэнне кепска карэлююць з двума іншымі крытэрыямі, якія выкарыстоўваюцца ў класіфікацыі паводле сексуальнай арыентацыі: на падставе рэгістрацыі пачуццяў (фантазій і жаданняў), і генітальных і мазгавых рэакцый (фізіялагічна вымяральнай узбуджанасці ў адказ на мужчынскія і жаночыя вобразы). Паасобку, ніводны з гэтых крытэрыяў не дае абсалютна верагодных лічбаў. Даследаванні, якія грунтуюцца на рэгістрацыі пачуццяў, выкарыстоўваюцца найбольш часта.

Кансэнсусу пра колькасць людзей з гомасексуальнай арыентацыяй няма. Абагульненая статыстыка даследаванняў, якія кіраваліся крытэрыем рэгістрацыі пачуццяў, кажа, што 2-3,5% мужчын і 0,5-1,5% жанчын маюць гомасексуальную арыентацыю[крыніца?].

Даследаванні гомасексуальнасці

Біялогія

Існуе шэраг даследванняў, якія паказваюць на магчымыя фактары, што ўплываюць на фарміраванне сексуальнай арыентацыі. Перадусім гэта асаблівасці генетычнага складу дзіцяці і гарманальных працэсаў у целе маці падчас цяжарнасці. Некаторыя навукоўцы лічуць, што «няма падстаў сцвярджаць, што гомасексуальная арыентацыя — вынік паталагічных з’яў». Гены, якія маюць ролю ў фарміраванні сексуальнай арыентацыі, не ідэнтыфікаваныя. Найбольш верагодна, што гэта тыя гены, якія вызначаюць мазгавыя рэакцыі на гармоны або энзімы (ферменты). Існаванне такіх генаў на працягу тысячагоддзяў сведчыць пра тое, што іх прысутнасць можа мець пазітыўную ролю. Найбольш верагодна, што іх захаванне з’яўляецца вынікам дзеяння механізму збалансаванага полімарфізму. Іншыя даследаванні паказваюць на значны ўплыў на фарміраванне сексуальнай арыентацыі прэнатальных (антынатальных, дародавых) гармонаў.[2]

Стаўленне да ЛГБТ

Сацыялагічныя даследванні, у тым ліку апытанне НІСЭПД па Беларусі, паказваюць простую залежнасць паміж узроўнем адукацыі і ўзроўнем талерантнасці да ЛГБТ.

Аляксандр Кірэеў, амерыканскі вучоны расійскага паходжання, даследаваў матэрыялы штогадовых апытанак General Social Survey (GSS). Апошнія ўтрымліваюць пытанні на сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя тэмы, а таксама хуткі IQ-тэст з 10 пытанняў. Вынікі апытанак дазваляюць зразумець, як па-рознаму глядзяць на жыццё рэспандэнты з высокімі і нізкімі вынікамі экспрэс-тэста[3]. Табліца, якую склаў Кірэеў, паказвае, што сярод людзей, якія не адказалі ні на адно пытанне IQ-тэста, гамафобы дамініруюць, а сярод тых, хто адказаў на ўсе 10 пытанняў, яны складаюць відавочную меншасць. Аналагічныя вынікі паказвалі іншыя апытанкі ў розных краінах: багатыя людзі ставяцца да ЛГБТ цярпіма, бедныя — варожа, людзі з вышэйшай адукацыяй — цярпіма, людзі з сярэдняй — варожа, горад — цярпіма, вёска — варожа.

Гомасексуальнасць на Беларусі

Асноўны артыкул: Правы ЛГБТ у Беларусі Сучаснае беларускае грамадства даволі гамафобнае[4]. 61,9% жыхароў Беларусі ў 2009 г. выказаліся супраць права гомасексуалаў на публічныя акцыі ў абарону грамадзянскіх правоў[5]. Беларускае заканадаўства не дае права на аднаполыя шлюбы ці грамадзянскія партнёрствы, службу ў арміі адкрытым гомасексуалам, адопцыю дзяцей аднаполымі парамі. Таксама адсутнічае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства па прыкмеце сексуальнай арыентацыі. Аднаполыя стасункі паміж поўнагадовымі асобамі былі дэкрыміналізаваныя ў 1994 г. На Беларусі існуе некалькі незарэгістраваных праваабарончых і інфармацыйных ЛГБТ ініцыятыў, напрыклад ГейБеларусь.

Зноскі

  1. Интеллект, гомофобия и аборты
  2. Wilson G. & Rahman Q. Born Gay: The Psychobiology of Sex Orientation. London, 2005, p. 145
  3. Журнал «Сноб»: Интеллект и гомофобия.
  4. http://www.belarus.by/en/travel/gay-travellers Архівавана 25 кастрычніка 2012.
  5. http://gaybelarus.by/naviny/slavic-pride/42-zhyharou-minska-ne-suprac-pravyadzennya-publichnyh-akcyi-seksmenshascyau.html Архівавана 18 кастрычніка 2011.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Сексуальная арыентацыя
Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Сексалогія
ЛГБТ