У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цімохаў. Сяргей Аляксандравіч Цімохаў (нар. 8 верасня 1960, Кротаў, Калінкавіцкага раёна, Гомельская вобласць — 9 кастрычніка 2012) — беларускі мастак. Член Беларускага Саюза мастакоў (1990).
У 1979 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1984 годзе — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1986 года — на віцебскім камбінаце «Мастацтва», з 1989 года — галоўны мастак горада Полацка. У 1991—2000 гадах з’яўляўся дырэктарам, мастаком галерэі «Рыса» ў Полацку. З 2007 года — намеснік старшыні па выставачнай дзейнасці ў Беларускім Саюзе мастакоў.
Асноўныя напрамкі працы — станковы і манументальны жывапіс, а таксама графіка. Сярод работ можна вылучыць жывапісныя: «Несці крэст» (1989), «Канцэрт старажытнай музыкі» (1989), «Рытуальнае шэсце-7» (1999 г.), «Цень Вялеса» (2000); дыптыхі: «Таінства купальскай ночы» (2002), «На Дзяды» (2004), «Грацыя-1» (2007); графічныя аркушы: «Назірая зацьменне Сонца-2» (1999) і інш.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), фондзе Беларускага Саюза мастакоў (г. Мінск), фондзе Міністэрства культуры Расіі (г. Масква), Музеі М. Шагала (г. Віцебск), Мастацкай галерэі Г. Х. Вашчанкі (г. Гомель), Полацкім мастацкім музеі, галерэі «Galeria sztuki Katarzyny Napiórkowskiej» (г. Варшава), галерэі «Walentowski Galerien» (г. Дрэздэн), галерэі «Аxel Babke» (г. Дрэздэн), галерэі «Аlla Bulyanskaya» (г. Масква, г. Лондан), а таксама ў прыватных калекцыях на радзіме і за мяжой[1].