У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сідор. Сяргей Іванавіч Сідо́р[1] (25 мая 1937; в. Янаўшчына, Зэльвенскі раён — 17 ліпеня 1998) — беларускі географ, кандыдат гістарычных навук (1971)[2], доктар педагагічных навук (1991), прафесар (1992).
Скончыў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча ў 1959 годзе[2], геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1964 годзе. З 1971 года ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. З 1974 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, адначасова з 1995 года намеснік рэдактара часопіса «Геаграфія: Праблемы выкладання».
Няма спасылак на крыніцы. Адсутнасць спасылак на крыніцы выклікае недавер да інфармацыі. Калі ласка, калі ведаеце крыніцы змешчанай у артыкуле інфармацыі, пазначце іх. |
Навуковыя працы па эканамічнай геаграфіі Беларусі, методыцы выкладання геаграфіі. Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі ў школах незалежнай Беларусі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.
Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Стваральнік беларускага навуковага геаграфічнага тэзаўруса і тэрміналогіі. Актыўна адстойваў права сацыяльна-эканамічнай геаграфіі на існаванне, імкнуўся рабіць савецкую, а потым і беларускую, сацыяльна-эканамічную геаграфію канструктыўнай, лічыў мэтазгодным вывучэнне СЭГ і ў эканамічных ВНУ, выступаў супраць падмены СЭГ іншымі курсамі, па сутнасці тоеснымі ёй. Стваральнік першага ў незалежнай Беларусі паўнавартаснага падручніка па геаграфіі Беларусі, дзе ўсебакова ахарактарызавана краіна, забяспечыў адзінства геаграфіі ў рамках школьнага курсу. Карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод выкладчыкаў, студэнтаў, настаўнікаў і вучняў за сумленнасць, сціпласць і прастату, працавітасць і высокае пачуццё абавязку, за імкненне ўдасканальваць і паляпшаць.
Працягваў справу, распачатую А. А. Смолічам у працы «Географія Беларусі» (1923), апісаў Беларусь у геаграфічным ракурсе («Геаграфія Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», 1993; «Займальная геаграфія Беларусі», 1995, у сааўтарстве; «Геаграфія Беларусі ў пытаннях і адказах», 1998, у сааўтарстве).