У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Джобс. Стывен Пол Джобс, больш вядомы як Стыў Джобс (англ.: Steven Paul Jobs, Steve Jobs; Steve Jobs; 24 лютага 1955 — 5 кастрычніка 2011[6]) — амерыканскі інжынер і прадпрымальнік, сузаснавальнік і генеральны дырэктар амерыканскай карпарацыі Apple Inc. Джобс таксама з’яўляўся заснавальнікам і CEO кампаніі NeXT і кінастудыі Pixar. Атрымаў шырокае прызнанне як піянер рэвалюцыі ў галіне персанальных камп’ютараў[7][8].
У канцы 1970-х гадоў Джобс разам з сузаснавальнікам кампаніі Apple Стывам Вазняком стварылі адзін з першых камерцыйна паспяховых персанальных камп’ютараў. Камп’ютар Apple II стаў першым масавым прадуктам кампаніі Apple. У пачатку 1980-х гадоў Джобс быў у ліку першых людзей, якія звярнулі ўвагу на камерцыйны патэнцыял камп’ютарнай мышы пры выкарыстанні яе ў графічным інтэрфейсе карыстальніка. Гэта прывяло да з’яўлення камп’ютараў Apple Lisa і, праз год, Macintosh (Mac).
Прайграўшы барацьбу за ўладу з Саветам дырэктараў у 1985 годзе, Джобс пакінуў Apple і заснаваў NeXT — кампанію, што распрацоўвала камп’ютарную платформу для ВНУ і бізнеса. У 1986 годзе ён набыў падраздзяленне камп’ютарнай графікі кінакампаніі Lucasfilm, ператварыўшы яго ў студыю Pixar. Ён заставаўся CEO Pixar і асноўным акцыянерам, пакуль студыя не была набыта The Walt Disney Company у 2006 годзе, што зрабіла Джобса найбуйнейшым прыватным акцыянерам і членам савета дырэктараў Disney.
Цяжкасці з распрацоўкай новай аперацыйнай сістэмы для Mac прывялі да пакупкі NeXT кампаніяй Apple у 1996 годзе, для выкарыстання аперацыйнай сістэмы NeXTSTEP у якасці асновы для Mac OS X. У рамках дагавора Джобс атрымаў пасаду дарадцы Apple. Да 1997 года Джобс вярнуў кантроль над Apple, узначаліўшы карпарацыю. Пад яго кіраўніцтвам кампанія была выратавана ад банкрутцтва і праз год пачала прыносіць прыбытак. На працягу наступнага дзесяцігоддзя Джобс кіраваў распрацоўкай iMac, iTunes, iPod, iPhone i iPad, а таксама развіццём Apple Store, iTunes Store і App Store. Поспех гэтых прадуктаў і паслуг забяспечыў некалькі год стабільнага фінансавага прыбытку і дазволіў Apple стаць у 2011 годзе самай дарагой публічнай кампаніяй у свеце. Шматлікія каментатары называюць адраджэнне Apple адным з найвялікшых дасягненняў у гісторыі сусветнага бізнесу. У той жа час Джобса крытыкавалі за аўтарытарны стыль кіравання, агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да канкурэнтаў, імкненне да таталітарнага кантролю за прадукцыяй нават пасля яе рэалізацыі пакупніку.
Джобс атрымаў грамадскае прызнанне і шэраг узнагарод за аказанне ўплыву на індустрыю тэхналогій і музыкі. Яго нават часам называюць «бацькам лічбавай рэвалюцыі». Джобс быў выдатным аратарам і вывеў прэзентацыі інавацыйных прадуктаў на новы ўзровень, ператварыў іх у захапляльнае шоу. Яго лёгкапазнавальная фігура ў чорнай кашулі, пацёртых джынсах і красоўках акружана сваеасаблівым культам.
Пасля 8 год хваробы Стыў Джобс памёр у 2011 годзе ад раку падстраўнікавай залозы.