Стары́ буды́нак Нацыяна́льнай бібліятэ́кі, або Буды́нак Саве́та Рэспу́блікі — збудаванне ў Мінску па вуліцы Чывронаамейскай, 9. Помнік архітэктуры канструктывізму, пабудаваны ў 1932 годзе (архітэктар Георгій Лаўроў).
Асноўны артыкул: Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Дзяржаўная бібліятэка савецкай Беларусі была створаная 15 верасня 1922 года на базе бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад назвай Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Першапачаткова займала будынак Юбілейнага дома на Архірэйскім падвор’і[1]. Праз павелічэнне кніжных фондаў і развіццё функцый бібліятэкі Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка паводле Пастановы СНК БССР ад 14 траўня 1926 года рэарганізаваная ў самастойную Беларускую дзяржаўную бібліятэку, тады ж пачынаецца планаванне пераводу бібліятэкі ў большы будынак. У 1929 годзе СНК БССР прымае рашэнне аб будаўніцтве ў Менску на вуліцы Чырвонаармейскай новага будынка. Праца была даручаная архітэктару Георгію Лаўрову, які ўжо меў некалькі прац у Менску.
Першапачаткова Лаўроў прапанаваў праект, у якім працяглы аб’ём чытальных залаў бібліятэкі кантраставаў бы з вышынным кнігасховішчам у глыбіні кварталу, аднак гэта не было рэалізавана. Беларускі мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Мікола Шчакаціхін у сваім артыкуле «Новы Менск», размешчаным у часопісе «Чырвоная Беларусь» № 2 за 1930 год так апісвае праект Лаўрова[2]:
![]() |
Нельга, аднак, не адзначыць, што ў бліжэйшай будучыні ў Менску ўжо намячаецца зьнішчэньне шмат якіх з адзначаных хібаў асабліва ў двох новых будынках, якія самае большае праз два будаўнічыя сэзоны ўжо будуць закончаны і стануць, бязумоўна, найлепшымі ў ліку іншых будынкаў новага Менску. Адзін з гэтых будынкаў — Дзяржаўная Бібліотэка — будзе адным з узорных прыкладаў прыстасаваньня архітэхтурнае конструкцыі да мэтаў навукова-культурнае ўстановы. Увесь поўны сьвятла, як-бы пераважна шкляны, ён прыгожа распадзяляецца на два функцыянальна розныя крылы, аб’яднаныя вялізным уваходам, падкрэсленым лёгкім паўкругам, які быццам шырока заклікае бясконцыя масы працоўных да скарбніцы ведаў перахаваных у будынку, які высока падымаецца з задняга пляну ў выглядзе масыўнага паасобнага кнігасхову. | ![]() |
У 1932 годзе пабудова была скончаная, а бібліятэцы ў гонар 10-годдзя было нададзеная імя У. І. Леніна. Ля галоўнага ўвахода месцілася парная скульптура Леніна і Сталіна.
У часе Другой сусветнай вайны, за нямецкай акупацыяй, у будынку бібліятэкі месціўся акруговы камісарыят, а пазней размясцілася Беларуская цэнтральная рада[3].
У 2006 годзе Нацыянальная бібліятэка пераехала ў новы будынак. Была праведзеная рэканструкцыя з рэстаўрацыяй і прыстасаваннем будынка пад адміністрацыйнае прызначэнне. У распрацоўцы праекта прынялі ўдзел А. Цяльцоў, Яўген Яворскі, І. Касабукін з «Мінскграмадзянпраекта», Уладзімір Старосцін з «Праектрэстаўрацыі», Лілія Усоская з Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый, А. Бандарэнка з «Мінскпраекта». Былі выдалены познія напластаванні і адноўленыя страчаныя яго элементы, фасады апрацаваныя дэкаратыўнай мармурова-антрацытавай каменнай тынкоўкай, у выніку чаго будынак набыў цёмна-шэры колер[4].
З 2012 года будынак займае Савет Рэспублікі, які дагэтуль месціўся ў будынку насупраць, па адрасе вуліца Чырвонаармейская, 4. Першае пасяджэнне Савета Рэспублікі пятага склікання ў будынку прайшло 19 кастрычніка 2012 года[5].
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснаваная на спалучэнні форм, пазбаўленых дэкору. Чатырохгранныя слупы падтрымліваюць павіслы паўкруглы аб’ём, утвараючы своеасаблівы порцік галоўнага ўвахода з зашклёным эркерам вестыбюля. Чатырохпавярховы будынак мае складаную канфігурацыю плана, падпарадкаваную арганізацыі функцыянальных працэсаў.
У канцы 1950-х гадоў да бібліятэкі прыбудаваны 4-павярховы прамавугольны ў плане корпус, у якім месціліся кнігасховішча, абанементны аддзел і службовыя памяшканні. У часе выкарыстання ў якасці бібліятэкі ў будынку было 12 чытальных залаў, сярод якіх вылучалася зала на 500 чалавек. У вестыбюлі ўстаноўленая скульптура Уладзіміра Леніна (скульптар Андрэй Бембель).
На старых здымках
Інтэр’еры на старых здымках