wd wp Пошук:

Слуцкі езуіцкі калегіум

Слуцкі езуіцкі калегіум (лац. Collegium Sluckiensis) — сярэдняя навучальная ўстанова класічнага тыпу, якая існавала ў 1714—1773 гадах. Ставіла на мэце выхаванне навучэнцаў у духу глыбокай рэлігійнасці, адданасці каталіцызму і Ордэну езуітаў.

Гісторыя стварэння калегіума

Езуіцкая місія з’явілася ў Слуцку ў 1693 годзе. У 1703 годзе на базе місіі арганізавалася езуіцкая рэзідэнцыя. Муж Людвікі Караліны Радзівіл нейбургскі князь Карл III Філіп тады ж заклаў у езуітаў за 7 тыс. злотых фальварак Бокшыцы з сёламі Капацэвічы і Лістападавічы. Таксама пазней ў закладзе ў езуітаў апынуліся вёскі Вяндліна і Ванькоўшчына. У 1715 годзе пан Ваўрынец Іачынскі пад крэдыт у 18 тыс. талераў перадаў езуітам сядзібу Панары[1].

З 1705 года ў Слуцку працавала сярэдняя езуіцкая школа. Ініцыятарам стварэння Слуцкага калегіума быў выпускнік Віленскай акадэміі, Геранім Клакоцкі (1664—1721). Ён і стаў першым рэктарам калегіума. Геранім Клакоцкі аддаў езуітам сваю сядзібу, дзе Ордэн пабудаваў драўляны касцёл Св. Тройцы па праекце архітэктара Р. Энгеля. Справа ад касцёла на месцы былой сядзібы Клакоцкага ўстаў перароблены двухпавярховы з высокім дахам будынак калегіума. Па перыметры яго сцягвалі адкрытыя галерэі. У першым паверсе знаходзіліся келлі, у другім — класы, рэктарат. Над столбовым ганкам з балюстрадай — зала. За калегіумам — два флігеля; характэрны другі флігель: у яго цэнтры меліся вароты, над імі, другім паверхам, — мезанін з двума заламі, завершаны купалам са звонам. У аднапавярховых крылах па баках брамы былі жылыя пакоі. Далей у двары знаходзіўся будынак-інтэрнат бурсы, дзе жылі вучні. За ім — аптэка з мезанінам; з 1715 года аптэкарам працаваў Ян Вейхер. Адзінай каменнай пабудовай была бібліятэка, пабудаваная ў 1724 годзе па ініцыятыве рэктара калегіума Анастаза Людвіка Керсніцкага. Бібліятэка калегіума па колькасці кніг саступала толькі бібліятэцы Полацкага калегіума, у 1773 годзе там было каля 3 тыс. кніг. Уздоўж агароджы стаялі гаспадарчыя службы: пякарня, кузня, стайня, адрыны. Увесь гэты вялікі двор быў абгароджаны драўляным плотам, пазней замененым каменнай сцяной[2][3].

Адукацыйная дзейнасць калегіума

У Слуцкім калегіуме рыхтавалі ў асноўным настаўнікаў рыторыкі (схаластаў). Лекцыі чыталі Томаш Нарэвіч, Юзаф Пажовскі, Юзаф Залескі і інш. Гісторыю выкладалі Ансельм Забароўскі, Ян Пашакоўскі (1684—1757) — тэарэтык каталіцтва і аўтар каталіцкіх календароў, рэктар калегіума ў 1735—1739 гг. Нейкі час узначальваў калегію і выкладаў у ёй публіцыст Анастаз Людвік Керсніцкі (1678—1733), за красамоўства званы Перыклам; выкладаў філасофію Антоні Скарульскі (1715—1780), які стаў у 1772 годзе рэктарам, пазней ён быў пераведзены дэканам тэалагічнага факультэта у Віленскую акадэмію. У 1733 годзе Слуцкую езуіцкую калегію скончыў Міхал Карыцкі (1714—1784) — паэт і грамадскі дзеяч. Вучыўся, і потым у 1763—1764 гг. выкладаў гісторык Юрый Князевіч (1737—1804). Тут таксама вучыўся дзеяч каталіцкай царквы і педагог Тадэвуш Бжазоўскі (1749—1820), які стаў у 1805 годзе генералам ордэна езуітаў. Пры калегіуме працаваў конквікт (інтэрнат) для юнакоў з дробнай шляхты. За іх выхаваннем сачыў регенс. Гэтую пасаду займалі Канстанцін Черньскі (1694—1747) і Мацей Мілашэўскі (1714 (1715)—1801). Школьны тэатр ставіў п’есы біблейскага зместу[1][4][5][6].

Слуцкі калегіум спыніў сваю дзейнасць у 1773 годзе пры скасаванні Ордэна езуітаў. Будынак і службы калегіума перайшлі у вядзенне Віленскай навучальнай акругі, тут размясцілася каталіцкае вучылішча, якое рыхтавала духоўных асоб і настаўнікаў[7]. Падчас рэарганізацыі расійскай сістэмы адукацыі, наяўнасць двух практычна аднолькавых навучальных устаноў прызналі немэтазгодным, і каталіцкае вучылішча перавялі ў Нясвіж. Будынак былога езуіцкага калегіума ў 1809 годзе адданы Слуцкаму евангеліцкаму вучылішчу[8].

Зноскі

  1. 1 2 Zalęski S. Jezuici w Polsce. Dzieje 153 kolegiów i domów jezuitów w Polsce. — Krakow, 1908. — Т. 4. — 235 с.
  2. Якімовіч Ю. А. Слуцкія касцёлы і калегіум езуітаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1987. — Т. 5. — С. 75.
  3. Kosciol Jezuitow w Slucku // Kwartalnik architektury i urbanistiky. — W.: 1978. — Т. 23.
  4. Winlakiewicz S. Teatr kollegiów jezuickich w dawniej Polsce. Krakow, 1922, ss. 3-4
  5. Блінова Т. З. З гісторыі Слуцкай езуіцкай калегіі // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 1996. — № 1. — С. 67—70.
  6. Brown G. Biblioteka pisarzów assystencyi Polskiej Towarzystwa jezusowego. — Poznań, 1862, s. 329
  7. Гурэцкі А. Палітыка царызму ў галіне адукацыі ў Беларусі ў канцы XVIII — першай чвэрці XIX стагоддзя. (1772—1825 гг.). Дыс. канд. гіст. навук. — Мн., БДПУ ім. М.Танка, 1998
  8. Archivum Romanum Societatis Jesu (ARSI), sygn. hith. 57. Catalogis brevis … anni 1703/4

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Універсітэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Адукацыя ў Слуцку
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Гісторыя Слуцка
Катэгорыя·Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Навучальныя ўстановы без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Слуцкі езуіцкі калегіум
Катэгорыя·Зніклі ў 1773 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Езуіцкія калегіумы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·1714 год у Беларусі
Катэгорыя·Духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1714 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Адукацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім