wd wp Пошук:

Славалюб Эдуард Пянкала

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Пянкала.

Сла́валюб Э́дуард Пянка́ла (харв.: Slavoljub Eduard Penkala; 20 красавіка 1871, Ліптаўскі-Мікулаш — 5 лютага 1922, Заграб) — харвацкі інжынер-хімік і вынаходнік з польскімі, нідэрландскімі і яўрэйскімі каранямі. Вядомы як канструктар першага харвацкага самалёта і аўтар больш як 80 вынаходстваў.

Біяграфія

Нарадзіўся ў горадзе Ліптаўскі Мікулаш (тады — каралеўства Венгрыя, цяпер — Славакія) у 1871 годзе. Яго бацька, Францішак Пянкала, быў палякам, а маці, Марыя Ханел, — галандкай. Вывучаў хімію ў Венскім універсітэце і Тэхнічным універсітэце Дрэздэна, які скончыў у 1898 годзе. Пасля працаваў на хімічнай вытворчасці ў Кошыцах. У 1900 годзе пераехаў разам з сям’ёй у Заграб (тады — Каралеўства Харватыя і Славонія, таксама частка Аўстра-Венгрыі), дзе ў знак лаяльнасці да сваёй новай радзімы дадае да свайго імя «Славалюб» («славянафіл»). У 1904 годзе прызначаны каралеўскім тэхнічным супервізарам (харв.: kraljevski tehnički nadzornik).

Першымі запатэнтаванымі вынаходствамі Пянкалы былі тэрмас і круцельная зубная шчотка. Самымі ж знакамітымі і буйнымі апынуліся механічная ручка (1906) і пёравая ручка з цвёрдымі чарніламі (1907), а таксама кліпса, з дапамогай якой ручка мацавалася да кішэні. Сярод іншых яго вынаходстваў, патэнтаў і паляпшэнняў — анодная батарэя, насычэнне для чыгуначных шпал, далікатны мыйны сродак, вагонныя тармазы, манометр, дынамометр і расхадамер. Вядомы яго чарцяжы турбінных колаў, верталётных прапелераў і карабля на паветранай падушцы, задаўга да з’яўлення саміх гэтых механізмаў[1].

У 1908 годзе Пянкала пачынае канструяваць лятальны апарат, кіраванне якім павінна было б быць настолькі простым, што лятаць на ім без спецыяльнай падрыхтоўкі мог бы любы чалавек. Патэнт быў атрыманы ў 1909 годзе, а сама машына ў 1910 годзе завершана, і пад пілатаваннем Драгуціна Новака адарвалася ад зямлі. Вынаходнік працягнуў паляпшаць канструкцыю апарата, але кіраваць ім усё яшчэ было няпроста. Пазней падчас лётных выпрабаванняў манаплан атрымаў пашкоджанне, і Пянкала спыніў далейшую яго распрацоўку. Тым не менш, апарат з’яўляецца першым самалётам, які быў спраектаваны і здзяйсняў палёты ў Харватыі[1].

У 1906 годзе Пянкала, разам з братамі Эдмундам і Маўрусам Мостарамі засноўвае кампанію Penkala-Edmund Moster & Co. У Заграбе будуецца фабрыка, дзе пачынаецца вытворчасць ручак і іншых вынаходстваў Пянкалы. Хутка кампанія становіцца адным з найбуйнейшых сусветных вытворцаў пісьмовых прылад, а механічная ручка заваёўвае поспех на рынках 70 краін[1].

Эдуард Пянкала памёр у Заграбе ва ўзросце 50 гадоў, вярнуўшыся з дзелавой паездкі з пнеўманіяй. Ён пахаваны на могілкі Мірагай.

Зноскі

  1. 1 2 3 Penkala, Slavoljub Eduard, Харвацкая энцыклапедыя

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Памерлі ў Заграбе
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 1922 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Дрэздэнскага тэхнічнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Авіяканструктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 красавіка
Катэгорыя·Памерлі 5 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1871 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ліптаўскім Мікулашы
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Мірагай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй альма-матар у картцы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вучоныя Харватыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0