Свіна́[1] — рака ў Беларусі, у Гарадоцкім, Полацкім і Шумілінскім раёнах Віцебскай вобласці, правы прыток ракі Обаль (басейн Заходняй Дзвіны).
Даўжыня 24 км. Плошча вадазбору 360 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 3,9 м/км. Выцякае з возера Малое Белае за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Прудок Гарадоцкага раёна, цячэ праз возера Ласосна, вусце за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Казьяны Шумілінскага раёна. Цячэ па паўночна-ўсходняй частцы Полацкай нізіны, па лясістай мясцовасці. Рэчышча звілістае. Прымае прытокі з 47 азёр, якія займаюць каля 4[2] % вадазбору. Пад лесам каля 59 %.
У басейне ракі азёры Малое Белае, Вялікае Белае, Навасёлкі, Свіно, Вялікая Восмата, Малая Восмата, Беразінец, Жодзень, Соміна (Бабарыкі), Ласосна, Званае, Гваздок, Датына, Койдзінец, Макеенскае, О́балінец, Строкла, Слінец і інш.