wd wp Пошук:

Сага Бекер

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бекер. Сага Бекер (шведск.: Saga Becker; нар. 1988, Эрынгсбада, Швецыя) — шведская актрыса і сацыяльная актывістка, уладальніца прэміі «Залаты жук» за лепшую жаночую ролю ў 2014 годзе[1].

Біяграфія

Бекер вырасла ў Эрынгсбадзе, Швецыя[2]. Сага з’яўляецца старэйшым дзіцем сваіх бацькоў — у яе таксама два малодшых брата. У дзяцінстве яна ведала, што непадобная на іншых, і спрабавала стварыць свет мары, дзе яна бачыла сябе дзяўчынай, закаханай у мужчыну. У школе над ёй здзекаваліся, яна нярэдка атрымлівала пагрозы аб расправе, у выніку чаго стала піць алкаголь і галадаць. Пасля барацьбы з дэпрэсіяй і аперацыі па змене полу яна цяпер адкрыта выказвае сваё меркаванне на актуальныя тэмы і працуе над стварэннем лепшага асяроддзя для трансгендарнай супольнасці[2].

Жыве ў Стакгольме[2].

Кар’ера

Сага дэбютавала ў мастацкім фільме рэжысёра Эстэра Марціна Бергсмарка «Нешта павінна зламацца» (шведск.: Nånting måste gå sönder, за гэтую працу яна была намінаваная на прэмію «Узыходзячая зорка» (англ.: Rising Star Award) на міжнародным кінафестывалі ў Стакгольме і атрымала прэмію «Залаты жук» за лепшую жаночую ролю ў 2014 годзе[1].

Фільм заснаваны на рамане Элі Левена (шведск.: Du är rötterna som sover vid mina fötter och håller jorden på plats), які распавядае пра каханне паміж двума маладымі людзьмі, адзін з якіх — андрагін Себасцьян, эксцэнтрычны персанаж, летуценнік, а другі, Андрэас, усяляк не хоча прызнаваць сваю гомасексуальную арыентацыю, але ўсё ж не можа выстаяць перад абаяннем Себасцьяна[3].

Сага Бекер выклікала сенсацыю на ўручэнні нацыянальнай кінаўзнагароды Швецыі «Залаты жук», таму што яна стала першай у гісторыі прэміі трансгендарнай жанчынай, якая была намінаваная і атрымала галоўны прыз у катэгорыі «Лепшая жаночая роля»[1].

У 2016 годзе Бекер прыняла ўдзел у шведскім тэлевізійным праекце «Дзяўчыны, якія мы ёсць» (шведск.: Tjejer som oss), у ім пяць трансгендарных чалавек распавядаюць пра сваё жыццё[4].

Удзел у сацыяльных праектах

Будучы паспяховай і запатрабаванай актрысай, Сага Бекер таксама актыўна цікавіцца важнымі сацыяльнымі праграмамі. Яна рэгулярна прымае ўдзел у кампаніях, дзе заклікае шведскую кінаіндустрыю больш задзейнічаць у здымках трансгендарных акцёраў і актрыс.

Акрамя гэтага, Сага Бекер з’яўляецца афіцыйным паслом Suicide Zero[5], шведскай некамерцыйнай арганізацыі, заснаванай у красавіку 2013 года, галоўнай мэтай якой з’яўляецца прадухіленне самагубстваў.

Зноскі

  1. 1 2 3 Saga Becker — Guldbaggen 2018 (швед.), Guldbaggen 2018.
  2. 1 2 3 Saga Becker — Sommar & Vinter i P1 (швед.). Sveriges Radio.
  3. Nånting måste gå sönder (швед.) // Wikipedia. — 2016-12-31.
  4. Sveriges Television AB, Stockholm, Sweden. Tjejer som oss (швед.). svt.se.
  5. Saga Becker (швед.), SuicideZero.se. Archieved.
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Трансгендарнасць
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Актрысы Швецыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1988 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў лене Блекінгэ