У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Таболіч. Рыгор Фядосавіч Таболіч (13 сакавіка 1956, вёска Палосцевічы, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць) — беларускі мастак, педагог. Муж Марыі Таболіч, бацька Алеся Таболіча[1].
У 1975 г. скончыў Мінскае мастацкае вычулішча, а у 1981 г. — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1990—1998 гг. выкладчык мастацкага аддзялення Магілёўскага рэспубліканскага культурна-асветніцкага вучылішча імя Н. К. Крупскай, у 2000 г. адкрыў першую прыватную мастацкую галерэю ў Магілёве.
Працуе ў галіне станковага жывапісу, у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта.
Прысвяціў тэме Вялікай Айчыннай вайны дыптых «Вогненная вёска» (1984 г.). У карцінах «Маці паэта» (1981 г.), «Вянок Максіма» (1982 г.) і трыпціху «Тры санеты» (1991 г.) адлюстраваны жыццёвы і творчы шлях М. Багдановіча.
Аўтар карцін «Калодзеж» (1981 г.), «3 глыбінь вякоў», «Стыхія» (абедзве 1985 г.), «Шлях», «Акно» (абедзве 1987 г.), «Плынь» (1992 г.), трыпціха «Адлюстраванне» (1996 г.). Метафарычнасць, сувязь са спрадвечным у творах «Аблічча», «Таямніцы», «Матчына скарбонка» (усе 1992 г.), «Бляск старажытнасці» (1993 г.), трыпціху «Белая Русь», «Чырвоная Русь», «Чорная Русь» (1995 г.), палотнах «Рух» і «Нараджэнне» (абодва 1999 г.) і інш. Выканаў манументальную работу для інтэр’ера Магілёўскай абласной бібліятэкі «Асветнікі» (1990 г.).