wd wp Пошук:

Рукапісы Мёртвага мора

Ру́капісы Мёртвага мо́ра — пісьмовыя помнікі на іўрыце, арамейскай, грэчаскай і іншых мовах, знойдзеныя каля заходняга ўзбярэжжа Мёртвага мора.

Першыя рукапісы Мёртвага мора знайшлі пастухі-арабы ў 1947 годзе. У ходзе археалагічных раскопак у 1940—1960-х гадах адкрыты шматлікія сховішчы старажытных рукапісаў на папірусе, скуры, медзі і іншых матэрыялах.

Большая іх частка знойдзем ў Вадзі-Кумране ў 11 пячорах. Яны датуюцца 2 ст. да н.э. — 68 н.э.

Рэшткі рукапісаў складаюцца з больш чым 40 тысяч фрагментаў каля 800 твораў. Уключаюць дакананічныя спісы большай часткі кніг Старога Запавета, тлумачэнні біблейскіх тэкстаў, апакрыфічныя творы, а таксама дакументы гаспадарчай дзейнасці, якія належалі радыкальнай іудзейскай секце — верагодна, секце есеяў.

Найбольш вядомыя помнікі: Статут, гімны, Дамаскі дакумент, скрутак вайны.

Рукапісы пячор Іудзейскай пустыні (Вадзі-Мурабаат і іншыя) уяўляюць сабой дакументы гаспадарчай дзейнасці канца 1 — пач. 2 ст. н.э. і архівы паўстання Бар-Кохбы 132—135; рукапісы Масады — апошняга ўмацавання іудзейскіх паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73 гг. н.э. — уключаюць каля 800 надпісаў гаспадарчага характару на чарапках (астраконах) на іўрыце і грэчаскай мове.

Да рукапісаў Мёртвага мора адносяць таксама рад дакументаў ранневізантыйскага і арабскага перыядаў (4—8 ст.) на сірыйска-палесцінскай, грэчаскай і арабскай мовах. Фрагментарнасць рэштак рукапісаў перашкаджае аднаўленню першапачатковых тэкстаў, таму значная іх частка не апублікавана.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Біблеістыка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Гісторыя Ізраіля
Катэгорыя·Старажытныя кнігі
Катэгорыя·Біблейскія рукапісы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара