wd wp Пошук:

Ружа Цюдараў

Ружа Цюдараў — геральдычная эмблема Англіі і Хэмпшыра

Ружа Цюдараў (англійская ружа, ружа Саюза; англ.: Tudor rose, English rose, Union rose) — традыцыйная геральдычная эмблема Англіі і Хэмпшыра (першапачаткова — у гербе караля Англіі Генрыха VII як сімвал аб’яднання варожых каралеўскіх дынастый Ланкастэраў і Ёркаў). Малюецца ў выглядзе здвоенай ружы[1], выкананай у «натуральных» (англ.: proper) колерах: белая кветка па-над пунсовай, а таксама падзеленай на чатыры пунсовыя і белыя сектары («чвэрці») або на дзве часткі пунсовага і белага колераў вертыкальнай паласой пасярэдзіне («пер пале́»)[2]. Назва і паходжанне эмблемы звязаны з акалічнасцямі ўзнікнення англійскай каралеўскай дынастыі Цюдараў.

Паходжанне

Узыходжанне Генрыха Цюдара, які адабраў англійскую карону ў Рычарда III у бітве пры Босварце (1485), спыніла трыццацігадовую вайну паміж каралеўскай дынастыяй Ланкастэраў (чыёй эмблемай была пунсовая ружа) і каралеўскай дынастыяй Ёркаў (чыёй эмблемай была белая ружа). Бацька Генрыха, Эдмунд Цюдар, насіў тытул графа Рычманда; маці, лэдзі Маргарэт Бофарт, паходіза з дому Ланкастэраў. Імкнучыся аб’яднаць усе англійскія каралеўскія дынастыі, Генрых Цюдар ажаніўся са спадчынніцай Ёркаў — дачкой Эдуарда IV Елізаветай. Пасля шлюбу Генрых прыняў новую эмблему, якая спалучыла пунсовую ружу Ланкастэраў і белую ружу Ёркаў.

Падчас свайго кіравання Генрых VIII загадаў пафарбаваць нанова старадаўні круглы стол, які захоўваўся ў Вінчэстэрскім замку і лічыўся сапраўдным Круглым сталом караля Артура[3]. У цэнтры паноўленага стала была намалявана ружа Цюдараў.

Гістарычнае ўжыванне

Каранацыя Генрыха VIII і Кацярыны Арагонскай, асененая іх геральдычнымі эмблемамі — ружай Цюдараў і плодам граната, сімвалам заваяванай іспанцамі Гранады. Гравюра XVI стагоддзя

Вядомы выявы ружы Цюдараў «са сцяблом і вянком» (англ.: slipped and crowned) — у выглядзе кветкі на зрэзаным сцябле з некалькімі лісткамі, увянчанай каронай (партрэт Елізаветы I працы Нікаласа Хіліярда), а таксама «ў палавінным выглядзе» (англ.: dimidiated) — злучанай з паловай іншай эмблемы. Турнірны спіс Вэстмінстэра (англ.: The Westminster Tournament Roll) утрымлівае эмблему Генрыха VIII і яго першай жонкі Кацярыны Арагонскай: палавінная выява ружы Цюдараў са сцяблом, аб’яднаная з асабістай эмблемай Кацярыны — гранатам[4] (гэту ж эмблему атрымала ў спадчыну іх дачка Марыя Цюдар[5]). Якаў I Англійскі і VI Шатландскі выкарыстоўваў у якасці асабістай эмблемы палавінную ружу Цюдараў, злучаную з чартапалохам і ўвянчаную каралеўскай каронай[6].

Сучаснае ўжыванне

Ружа Цюдараў «са сцяблом і вянком» — асабістая геральдычная эмблема манархаў Вялікабрытаніі
Ружа Цюдараў, чартапалох і трыліснік, якія растуць з аднаго сцябла — геральдычная эмблема Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі

Цяпер ружа Цюдараў — традыцыйная нацыянальная эмблема Англіі (падобна да чартапалоху, які выступае ў якасці эмблемы Шатландыі, трылісніку, які сімвалізуе Ірландыю, і геральдычнай валійскай цыбулі-парэю). Ружа — знак адрознення ёменаў-вартавых Таўэра і англійскіх каралеўскіх лейб-гвардзейцаў, дэталь кукарды на галаўных уборах ваеннаслужачых разведвальных войскаў Вялікабрытаніі, элемент лагатыпа Англійскага турыстычнага ўпраўлення[en][7] і эмблемы брытанскага Вярхоўнага суда (у двух апошніх выпадках — стылізаваная «спрошчаная» версія). Яна ж выбіта на англійскай дваццаціпенсавай манеце, якая выкарыстоўвалася ў 1982—2008 гадах, на каралеўскім гербе Вялікабрытаніі і на дзяржаўным гербе Канады.

Зноскі

  1. Fox-Davies, 1904, p. 187
  2. Wise, 1980, p. 22
  3. Starkey, 2008, p. 41
  4. Fox-Davies, 1904, p. 336
  5. Boutell, 1914
  6. Fox-Davies, 1907, p. 117
  7. EnjoyEngland: The official website for breaks and days out in England (нявызн.) (недаступная спасылка). Visit England. Архівавана з першакрыніцы 18 ліпеня 2013. Праверана 2 лістапада 2011.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Культура Англіі
Катэгорыя·Негеральдычныя фігуры
Катэгорыя·Ёркі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Цюдары
Катэгорыя·Ланкастэры