У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ракіцкі. Пётр Фаміч Ракіцкі (15 жніўня 1903, вёска Кустоўніца, Мазырскі раён, Гомельская вобласць — 21 кастрычніка 1977) — беларускі генетык. Акадэмік Акадэміі навук БССР (1967), доктар біялагічных навук (1940), прафесар (1940). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1973).
Скончыў Маскоўскі універсітэт (1927). З 1930 года старшы навуковы супрацоўнік Усесаюзнага інстытута жывёлагадоўлі, адначасова з 1932 года дацэнт кафедры генетыкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. У 1938—1948 гг. загадчык кафедры, дэкан факультэта, намеснік дырэктара Маскоўскага пушна-футравага інстытута. З 1949 года старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела заалогіі жывёлагадоўлі Комі філіяла АН СССР, у 1957—1960 гадах загадчык сектара біялогіі Усесаюзнага інстытута навуковай інфармацыі. У 1960—1969 гадах загадчык кафедры заалогіі пазваночных жывёл Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова з 1965 года загадчык лабараторыі тэарэтычнай генетыкі Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук БССР. У 1966—1977 гадах прэзідэнт Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў[1].
Навуковыя даследаванні ў галіне генетыкі і матэматычнай біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб поле дзеяння гена. Праводзіў даследаванні па радыяцыйнай генетыцы. Даследаваў уплыў тэмпературнага фактару і рэнтгенаўскіх прамянёў на спадчынныя ўласцівасці жывых арганізмаў. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Распрацаваў шэраг пытанняў па колькасных прыкметах і генетычным асновам селекцыі жывёл. Работы прысвечаны таксама пытаннях гісторыі і філасофіі біялогіі.
Дзяржаўная прэмія БССР 1974 за цыкл работ «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генетыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964—1974 гг.